Кажуць, што царкоўны звон лечыць душу і цела. Таму і становяцца людзі пад званы, дакранаюцца да іх далонямі і вуснамі.
Вераць, што асвечаныя званы ачышчаюць паветра ад інфекцый, супакойваюць буры. Ёсць сведчанне, што дзесяць мінскіх цэркавак з невялікімі званарнямі ў цяжкі час эпідэміі сваім жыватворным звонам выратавалі горад ад чумы.
Аказваецца, званы выпраменьваюць ультрагукавую радыяцыю, здольную знішчаць вірусы. Нашы продкі не ведалі гэтага, аднак у час эпідэмій званілі ў званы ўдзень і ўначы.
Царкоўны звон – гэта малітва. Былі часы, калі са званоў здзекаваліся, як з жывых істот: іх скідвалі са званіц, вырывалі языкі, ганьбуючы, вазілі па вуліцах на вазах, запрэжаных асламі.
Званы ў нас вырабляюць у Мінску. Пачынаюць заліваць – служыцца малебен. Калі званы гатовыя, іх хрысцяць, як дзяцей, даюць імёны.
Спецыялістаў па царкоўным звоне рыхтуюць у Мінску і Віцебску. У школах званароў удасканальваецца майстэрства ігры на званах.
(138 слоў)
Паводле Я. Сіпакова