Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Замак на плячах гары
Кладу руку на цёмна-чырвоную цагліну. Холадам абдало ўсё маё цела. Як бы пад маёй рукой застылая кроў, заледзянелае сэрца далёкага продка. Ён некалі здабываў тую цагліну і ўкладваў яе ў гэты замак – крэпасць на Наваградскай гары. Чаго мой продак хацеў?
Здаецца, чую яго голас: «Я, славянін, сын неба і сваёй зямлі, хацеў міру і спакою. Жадаў, каб дзеці не ведалі войнаў...» У маёй душы адгукаецца тое прызнанне. Мы ж, беларусы, ніколі-ніколі не былі заваёўнікамі. Мы не хадзілі ваеннымі паходамі ў чужыя землі. А сваю ўмелі абараняць.
Ад мужнага Наваградскага замка да нашых дзён дажылі пакалечаныя рэшткі дзвюх вежаў, кавалак абарончай сцяны, утравелая гара, глыбокі роў і высокі вал вакол яе. З трывогай, асцярожна ступаю па гэтым гістарычным лапіку зямлі. Нашы ўмельцы пачалі забудоўваць яго яшчэ тысячу гадоў назад. Спачатку тут былі драўляныя сцены, пасля – з камянёў, цэглы, вапны. Шырыня тых сцен дасягала амаль трох метраў. Змайстраваны былі ажно сем вежаў. Нядрэмнымі вачыма яны пазіралі на ўсё наваколле, сачылі, каб вораг-захопнік не падступіўся да замка.
А калі здаралася бяда, на адной з вежаў білі трывогу набатныя званы. Людзі маліліся ў Замкавай царкве. Асвяжалі сябе крынічнай вадой. І ўсе разам, каменячосы і аратыя, лесарубы і цеслі, станавіліся воінамі. У ход ішлі стрэлы, ядры ды звычайныя палявыя камяні. З вежавых байніц дзень і ноч адбівалі атакі.
Наваградскі замак зведаў нашэсце галіцка-валынскіх войскаў. На яго нападалі зграі татар. Нямецкія рыцары, якія называлі сябе крыжакамі, асаджвалі і палілі замак тры разы. Рускія войскі двойчы бралі Наваградак. А ў 1706 годзе шведы падчас Паўночнай вайны канчаткова ўзарвалі наш вольны замак-прыгажун. Ён так і не ажыў.
Цэлымі стагоддзямі ўзіраюцца ў неба чырвоныя велічныя абрубкі вежаў. На іх вяршынях выраслі дрэўцы. Зраненыя, акрываўленыя сцены пазіраюць на нас у маўклівай тузе. Яшчэ раз прыкладваю далонь да іх халоднага цела. Адчуваю, яно просіць спагады, моліць аб адным: «Не забывайце, людзі, сваёй гісторыі і тых, хто палёг за вашу волю».
Адна за адной, як чародкі цікаўных птушак, успырхваюць на Замкавую гару дэлегацыі школьнікаў. Амаль усе з мабільнымі тэлефонамі, модна апранутыя, бесклапотныя і жвавыя. Іх прывялі сюды экскурсаводы і настаўнікі. І так хочацца, каб яны адчулі тут подых даўніны, каб на міг убачылі перад сабой воіна, які за гэту крэпасць змагаўся.
Наваградская цытадэль бачылася Адаму Міцкевічу «Замкам на плячах гары». Веру: калі-небудзь на гэтых плячах адновіцца велічны старажытны замак. Ён стане помнікам нашым продкам, якія паляглі тут за сённяшнюю Беларусь. Ён стане месцам нашага паломніцтва, дзе мы будзем спавядацца перад сваёй гісторыяй, перад сабой. Але хто пярэчыць гэта рабіць ужо сёння? Пакладзіце далонь на чырвоную цэглу мінулых вякоў, зірніце на чароўныя краявіды, якія адкрываюцца з Замкавай гары, і задумайцеся над простымі і вечнымі пытаннямі: хто я, чаго прыйшоў у гэты свет і што раблю для сваёй мілай Айчыны?
(450 слоў)
(У. Ліпскі)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Старажытная сталіца
Пераказы, дыктанты → Высокая сталіца
Пераказы, дыктанты → Гістарычная памяць