Людзі звычайна ўжываюць прыказкі і прымаўкі для ўпрыгожання гаворкі, для «культурнасці», калі хочуць выказацца прыгожа, складна, не абы-як. Прыказка, як узор на кашулі-вышыванцы, ажыўляе, расквечвае, узбагачае выказванне падтэкставымі намёкамі, ператварае інфармацыю ў самавыяўленне асобы, гаворку ў зносіны характараў, а не інфарматараў. Прыказка дасціпна, трапна, часта іншасказальна згушчае ісціну, сцвярджае і дае ацэнку з’явы, падзеі, узаемаадносін, перажыванняў. Думка, ператвораная ў прыказку і аздобленая ёю, ярчэй зіхаціць, закранае розум і бярэ за сэрца, выпрабоўвае здагадлівасць, кемнасць, досціп.
Прыказка закранае слухача, здзіўляе яго незвычайнай змястоўнасцю, згушчанасцю думкі пры сцісласці слоў, трапнасцю выяўлення сутнаснага ў прадмеце, лагічнай сувязі ў адносінах, чагосьці таемнага ў пачуццях. Кандэнсацыя думкі, зграбнасць формы, лаканізм і падтэкставае багацце, мудрасць высновы «сказаў як звязаў» – вось сакрэты, пры дапамозе якіх палоняць і пераконваюць нас залатыя словы прыказак. Разумнасць прыказкі мы прымаем крытычнай галавой, фантазлівасць – адкрытым сэрцам, узбуджаным уяўленнем, якое радуецца азаронасцю палёту ў незнаёмае, дзе чалавек сам для сябе нечакана адкрые нешта новае і ўсведамляе сябе асобай разумнай.
(156 слоў)
У. Калеснік
Похожие статьи:
П → Прыказка