Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Залатая каса

   У вольную ад работы хвіліну дзядзька Ціхон чапляў на плечы сваю ламанку і паволі ішоў у лес. Праўда, у апошнія гады страляў ён рэдка, хоць дзічыны ў нашых ваколіцах было нямала. Малады заатэхнік Антон Лапецька са сваёй бескурковай дубальтоўкай цягаў дадому і цецерукоў, і качак, і зайцоў. Усё аж разлягалася ад стрэлаў там, дзе ён з’яўляўся. А на дзядзьку Ціхона, відаць, нішто не трапляла. Антон Лапецька нават пачаў кпіць, калі саўгасны каваль вяртаўся з пустымі рукамі.
   – Адстраляўся ўжо стары! – смяяўся ён у свае вузенькія модныя вусы. – Ды хто з нас калі бачыў яго здабычу? Тых вепраў ды мядзведзяў... Адны байкі! Сядзеў бы лепш на печы і не рыпаўся. Паляванне – спорт для маладых і дужых. I ўсё павучае, папярэджвае на кожным кроку, каб не крыўдзіў дзічыны.
   Лапецька часам праз меру займаўся сваёй стрэльбай, і на бліжэйшым балоце ці ў лесе грымела сапраўдная кананада. Пачуўшы яе, дзядзька Ціхон уздрыгваў і гаварыў сярдзіта:
   – Зноў гэты каршачок узяўся за разбой!
   Асабліва не ўзлюбіў дзядзька Ціхон Лапецьку пасля таго, як убачыў, з якой бязлітаснай жорсткасцю дабіваў ён качак-падранкаў аб прыклад стрэльбы.
   – Што ты робіш, гад! – не вытрымаў дзядзька Ціхон.
   Лапецька спярша разгубіўся ад такога выбуху гневу. Потым твар яго пачаў набракаць чырванню, вузенькія вусікі заторгаліся ў лютай злосці.
   – Вы, таварыш Ражанскі, не забывайцеся, з кім размаўляеце! – вызверыўся ён на дзядзьку Ціхона. – Я вам муштраваць сябе не дазволю. Запомніце гэта раз і назаўсёды! Вам проста зайдросна, што ў мяне поўная сетка, а ваша зусім пустая.
   Сапраўды, у дзядзькі Ціхона нічога тады не было ў паляўнічай сетцы. Ён нават ніводнага разу ў той дзень не стрэліў і тлумачыў пасля нам, што качкі падымаліся то вельмі блізка, то вельмі далёка ад яго. Мне было крышку дзіўна наглядаць, як гэты спрактыкаваны паляўнічы вельмі хутка лавіў на мушку быстралётную качку, але чамусьці не націскаў на спуск. Калі верная здабыча знікала, Ціхон з нейкім гарэзна-задаволеным позіркам апускаў стрэльбу і ішоў далей.
   Яшчэ летась ён высачыў і знішчыў цэлы воўчы вывадак, а цяпер ходзіць з намі нейкі безуважны, пільна прыглядаецца да кожнай лазінкі, а то з-пад насунутага на вочы брыля сваёй шэрай кепкі сочыць за белым воблачкам у ціхім сінім небе.
   У поўдзень мы выбраліся з балота на невялікі груд і прыпыніліся ў засені старой бярозы, каб адпачыць і падсілкавацца. Ціхон мімаволі зірнуў на густую зялёную крону бярозы, і я пачуў усхваляваны, гарачы шэпт старога каваля:
   – Паглядзі, Пеця, угору! На бярозу паглядзі!
   З цёмна-густых нетраў лісця вынырнула на святло залатая каса і загайдалася ад ціхага ветрыку доўгай лёгкай пасмай. На фоне цяжкога зялёнага лісця яна ўся дыхала і трапяталася, як вясёлая сонечная ўсмешка.
   Ад яе ажывіўся і ўсміхнуўся дзядзька Ціхон.
   – Скажы ты, якое дзіва! – прамовіў ён расчулена. – Такое, мне здаецца, не мог бы намаляваць самы найлепшы мастак!
   А можа, гэтая красуня – вялікая модніца і вырашыла ўпрыгожыць сябе такімі спелымі колерамі?
(459 слоў)

Паводле М. Паслядовіча

Похожие статьи:

ПераказыНа такавішчы

ПераказыЛісцвяная мяцеліца