Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Заклятая магіла волата
У ваколіцах Полацка, расказвалі, у даўнія часы бесперапынна ішлі войны. I засталося паданне, што частка нейкага разбітага войска, баючыся, каб яго нарабаванае багацце не трапіла ў рукі непрыяцеля, золата і серабро, якое мела пры сабе, закапала ў зямлю на ўзгорку, а наверх паклала дзікі камень. Ён павінен быў паказваць тое месца, калі б хто-небудзь з іх вярнуўся, каб адшукаць схаваныя скарбы. Але прайшлі сотні гадоў, а камень ляжаў на тым жа месцы, а пад ім некранутыя скарбы.
Пачуўшы такія размовы, некалькі полацкіх хлопцаў дамовіліся пайсці ноччу на той узгорак, здабыць скарбы і падзяліць між сабой пароўну. I вось, калі ўсе спалі, узяўшы патрэбныя прылады, яны выйшлі за горад.
Ноч была пагодная, неба ўсеяна зоркамі, а поўны месяц свяціў у вышыні. Ішлі ціха і асцярожна, каб іх ніхто не спаткаў на дарозе. Мінулі касцёл, дзе спачывае прах манахаў і тутэйшых людзей, звярнулі з дарогі і пайшлі ўздоўж ракі аж да патрэбнага месца.
Узышлі на ўзгорак, знайшлі той дзікі камень. Палова яго была ў зямлі, а верхняя частка пакрыта сухім мохам. Абкапалі яго кругом, агульнымі сіламі выцягнулі з таго месца і глыбока ў зямлю ўваткнулі жалезную рапіру. I тады вострым канцом яна ўпёрлася нібы ў нейкую бляху. «Тут, напэўна, скарб!» – вырашылі хлопцы і пачалі раскопваць зямлю.
Працавалі доўга, часта спрабавалі рапірай. Скарб ляжаў неглыбока, але колькі ні капалі, зямля зноў асыпалася з усіх бакоў і напаўняла яму. Нейкі час стаялі хлопцы ў здзіўленні, ім здалося, што скарб закляты, засыпаецца пяском і не хоча дацца ім у рукі.
Калі параіліся між сабой, што рабіць далей, на ўсходзе з’явілася чорная хмара, якая закрыла ўсё неба, і месяц схаваўся ў густых аблоках. Зрабілася так цёмна, што яны ледзь бачылі адзін аднаго, і пайшоў ціхі дожджык.
Вырашылі яны тады, што работа пойдзе лепш, калі пясок трохі намокне.
Падбадзёрваючы сябе, дружна пачалі зноў капаць і выкапалі цяпер такую доўгую і шырокую яму, якая ўжо лёгка не магла засыпацца.
Лапаты слізганулі па нечым жалезным. Хлопцы ўзрадаваліся, бо падумалі, што наткнуліся на кацёл з грашыма. Толькі калі абкапалі кругом і хацелі падняць з зямлі, убачылі, што гэта быў цяжкі жалезны панцыр. Сталі яны ў здзіўленні і глядзелі, як недарэчна падманула іх надзея.
Тады адзін смялейшы сказаў, што трэба хоць бы зброю ўзяць сабе, каб засталася яна як памяць пра іх дарэмную працу.
Толькі яны намерыліся так зрабіць, як раптам бліскавіца асвяціла ўзгорак, і бачаць: стаіць агромністы асілак у жалезным панцыры і трымае востры меч над іх галовамі.
Трывога ахапіла іх сэрцы, грымоты ўскалыхнулі зямлю, а асілак прамовіў:
– Нікчэмныя! Золату і срэбру прадалі ўсе пачуцці вашы, толькі ў багацце ўклалі свае надзеі, не ўшанавалі прах волата, які з годнасцю скончыў тут жыццё...
Загрымела ў аблоках, і асілак знік з вачэй.
Пры святле бліскавіцы зноў пабачылі хлопцы перад сабою засыпаную яму, і падалося ім, што на тым самым месцы зямля некранутая была.
(464 словы)
Паводле А. Гурскага.
Похожие статьи:
Леанід Дайнека → Леанід Дайнека - Прынясіце кветкі салдатам