Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Закаханы змей
На захад ад Лукомскага возера, за 1,3 км на поўдзень ад вёскі Гогалеўка Чашніцкага раёна, у непрарэджаным лесе, на схіле невысокай грады выступае наздраватая камлыга. Жыхары суседніх вёсак называюць камень Змеевым, а ўрочышча, дзе ён знаходзіцца, Змееўкай. Часам на святы сюды прыходзяць людзі. Яны і расказалі вось такую гісторыю, нібыта пачутую яшчэ ад прадзедаў.
Найменне сваё камень атрымаў ад таго, што раней у пячоры пад ім жыў змей. Гэты змей мог гаварыць па-чалавечы, а часам і ператвараецца ў чалавека. Быў ён вельмі добры кравец. Папросяць яго пашыць абы-як – будзе вопратка лепшая ў свеце. Скажуць, каб падрыхтаваў убор у царкву хадзіць – зробіць так, што адзін рукаў на плячы, а другі на спіне.
Закахаўся змей у дзяўчыну з вёскі Абузер’е на другім беразе возера. Стаў прыплываць да яе на спатканне. Пакладзе сваю галаву ёй на калені і дрэмле шчаслівы. Толькі нельга было яму доўга заставацца ў каханай. Ён заўсёды папярэджваў: "Надыдзе хмара, абавязкова разбудзі." Аднойчы змей заснуў, а дзяўчына не заўважыла, як набегла цёмная хмара, грымнуў гром. Прачнуўся змей, закрычаў: "Што ты нарабіла!", выцяў дзяўчыну па твары. Кінуўся ён у возера і паплыў да свайго берага. Зусім мала заставалася да выратавальнага каменя, але бліснула маланка. Паляцелі ў яго стрэлы Перуна. Трэцяя страла яго і забіла. На другі дзень знайшлі людзі мёртвага змея і пахавалі як чалавека. Праз дзень змей апынуўся наверсе. Тройчы закопвалі яго ў зямлю, а тая ўсё яго не прымала. Тады адзін разумны стары параіў: "Навазіце пяску ў лапці на пеўні і засыпце магілу." Так і зрабілі. Змей болей не з’яўляўся.
У Змеева каменя значныя памеры: даўжыня амаль 10 м., а таўшчыня 3-4 м. ён блокам, нахілённым пад вуглом 40°, выходзіць са схілу грады. Сама дзіркаватая парода падобная на бетон. Геолагі далучаюць такія ўтварэнні да кангламератаў. Гэта не валун, але з’яўленне каменнага блока таксама звязана з ледавіковай дзейнасцю. У гэтым месцы распаўсюджана канцавая марэна апошняга на тэрыторыі Беларусі ледавіка. Сюды ён "дапоўз" са Скандынавіі каля 20 тыс. гадоў назад. Пад уздзеяннем ледавіковага націску парушылася заляганне пластоў пяску і жвіру, талыя воды, насычаныя карбанатным рэчывам, сцэментавалі пясчана-жвіровыя адклады да стану кангламерату. Менш устойлівы матэрыял быў пазней часткова змыты са схілу грады, больш трывалы, нібы адпрэпараваны, блок кангламерату захаваўся.
Па асаблівасцях залягання Змеева каменя вызначылі, што ў гэтым месцы ледавіковыя масы ціснулі на падсцілавыя пароды, наступаючы з усходу на захад. Ад нераўнамернай цэментацыі ў кангламераце з’явіліся невялічкія пячуркі. Асабліва шмат іх у падмурку глыбы. Паводле легенды, у самай вялікай нішы жыў змей, а ў адной з пячурак людзі знаходзілі гатовае адзенне. Зараз порысты блок ахвотна засеялі мурашы. У іх тут сапраўднае царства. Гавораць, што раней на градзе вадзілася шмат змей.
Вядомыя і іншыя легенды пра змеевы і вужыныя камяні. Этнографы сцвярджаюць, што ў Беларусі, як і ў суседняй Літве, здаўна было распаўсюджанае шанаванне змей. У нас і ў іх амаль да ХХ стагоддзя ў хатах нярэдка трымалі вужоў, кармілі іх і ставіліся як да паважаных сямейнікаў. Казка-паэма літоўскай паэтэсы Саламеі Нерыс пра трагічнае каханне прыгажуні Эгле і каралевіча-вужа вядомая ўсяму свету. Пра каханне змея да дзяўчыны расказвае і лукомская легенда.
(501 слова)
Паводле Э. Ляўкова
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Следавікі
Пераказы, дыктанты → Жывыя камяні
Пераказы, дыктанты → Музей валуноў