Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Загоеная рана

Варыянт 1 (340 слоў)

   Рачулка пачыналася з крыніцы ў лесе і заканчвалася лясным возерам. Гэта месца аблюбавалі сабе качкі. Яны сяліліся каля возера ў кустах чародамі.
   У тую восеньскую раніцу Васілёк з Алёшам спыніліся тут вудзіць рыбу. Над возерам чародамі праносіліся качкі. Нечакана грымнулі адзін за адным стрэлы. Хлопцы ўбачылі, як качар, што вёў чараду, нахіліўся на бок і пачаў зніжацца над возерам, потым упаў у ваду. «Гэта ж трэба! Важака забілі», – з абурэннем сказаў Васілёк. «Як жа яны цяпер будуць без правадніка? » – паспачуваў Алёша. Качар паспрабаваў узляцець. Ён нават падняўся ў паветра, але зноў упаў у ваду, паплыў да берага і схаваўся ў лазняку.
   Насталі замаразкі. Хлопцы часта хадзілі да возера, насілі качару ежу. Яны ўважліва аглядалі кусты, але саму птушку ні разу так і не ўбачылі. Адыходзячы з возера, хлопчыкі заўсёды пакідалі на беразе дробную рыбу, хлеб, а калі прыходзілі назаўтра, то ні рыбы, ні хлеба не было.
   Мінуў яшчэ тыдзень. У паветры закружыўся снег. Калі хлопцы прыйшлі на возера, то ўбачылі, што з кустоў качар пратаптаў на снезе сцежку да вады. Але колькі хлопчыкі ні клікалі падбітага дзікуна, ён не выйшаў да іх. Яны паклалі каля сцежкі кавалкі хлеба. Удзень качар з’ядаў смачны абед, а ўвечары і раніцай плаваў у глыбокай яміне, якая не замярзала ўсю зіму, бо там білі крыніцы. Зімоўшчык прывык да хлопчыкаў і да свайго імя. Калі Васілёк з Алёшам прыходзілі і пачыналі клікаць: «Максімка!», качар па голасе пазнаваў сваіх сяброў і выходзіў з гушчару. Аднак трымаўся на адлегласці.
   Блізілася вясна. З кожным днём станавілася ўсё цяплей. Птушкі вярталіся да сваіх гнёздаў. Калі паводка спала, хлопчыкі пайшлі на возера, каб пабачыць качара. Каля вады яны гукнулі на ўвесь голас: «Мак-сім-ка!»
   З кустоў узнялася невялікая чародка качак. Ад іх аддзяліўся Максімка. Ён зрабіў над возерам некалькі кругоў і сеў на ваду каля берага. Хлопцы ўзрадаваліся. Качар выйшаў з вады. Васілёк паклаў перад ім лусту хлеба. Максімка еў не спяшаючыся. Пасля абеду ён крыкнуў некалькі разоў і паплыў на сярэдзіну возера. Качар часта спыняўся, паглядаў на бераг, то ўзнімаў, то апускаў галаву, нібы дзякаваў хлопчыкам за іх клопаты.
 


 

Варыянт 2 (571 слова)

   Рачулка пачыналася з крыніцы ў цёмным лесе, пятляла бліскучай стужкай паміж старога ельніку, хавалася ў густым драбналессі, нібы баючыся сонца, а потым бегла кустамі і заканчвалася лясным возерам. Улетку тут быў суцэльны гушчар.
   Здаўна гэта месца аблюбавалі сабе качкі. Яны сяліліся каля возера ў кустах чародамі, карміліся тут у час восеньскіх і веснавых пералётаў.
   У тую восеньскую раніцу Васілёк з Алёшам спыніліся ля знаёмага карча. Разматалі вуды, начапілі на кручкі чарвякоў і закінулі.
   Над возерам чародамі праносіліся качкі, што адляталі ў вырай. Нечакана ў кустах грымнулі адзін за другім стрэлы. Хлопцы ўбачылі, як пярэдні качар, што вёў чараду, нахіліўся на левы бок і пачаў зніжацца над возерам, потым зусім блізка ўпаў у ваду.
   – Гэта ж трэба! Важака забілі, – з абурэннем сказаў Васілёк.
   – Як жа яны цяпер будуць без правадніка? – паспачуваў Алёша.
   Аднак качар хутка апамятаўся і паспрабаваў узляцець, каб дагнаць чараду. Ён нават падняўся ў паветра, але тут жа зноў упаў у ваду. Быццам зразумеўшы сваё становішча, качар паплыў да берага і схаваўся пад веццем гнуткага лазняку, што ляжала на ціхай вадзе.
   Насталі першыя замаразкі. Ад сцюдзёных подыхаў ветру замерзла лясная рачулка, застыла балота, каля берагоў возера заблішчаў лёд. Васілёк з Алёшам часта хадзілі да возера, насілі качару ежу. Яны ўважліва аглядалі кусты, але самую птушку ні разу так і не ўбачылі. Адыходзячы з возера, хлопчыкі заўсёды пакідалі на беразе дробных акунькоў, ёршыкаў, плотачак, хлеб, а калі прыходзілі назаўтра на гэта месца, то ні рыбы, ні хлеба не было.
   Мінуў яшчэ тыдзень. Аднойчы пад раніцу ў шэрым паветры закружыўся мяккі снег. Назаўтра Васілёк з Алёшам зноў пайшлі да возера. Яны пабачылі, што з кустоў, якія навіслі над вадою, а зараз умерзлі ў лёд, качар пратаптаў на снезе сцежку да вады. Але колькі хлопчыкі ні клікалі падбітага дзікуна, ён не выйшаў да іх. Яны паклалі каля сцежкі кавалкі хлеба, аладкі і пайшлі дадому. Тое, што яны памагаюць качару выжыць, нараджала ў сэрцах хлопчыкаў прыемную лёгкасць, узнімала настрой.
   Качар тым часам звыкся са сваім становішчам. Удзень ён з’ядаў смачны абед, што прыносілі Васілёк з Алёшам, а ўвечары і раніцай плаваў у глыбокай яміне, якая не замярзала ўсю зіму, бо там з дна біла аж некалькі крыніц. Зімоўшчык пачаў прывыкаць да хлопчыкаў і да свайго імя. Калі Васілёк з Алёшам прыходзілі на возера і пачыналі клікаць: «Максімка!», качар па голасе пазнаваў сваіх сяброў і выходзіў з гушчару.
   Качар, аднак, трымаўся ад хлопчыкаў на адлегласці, не падпускаў іх блізка да сябе, гатовы ў любую хвіліну кінуцца ў гушчар.
   Блізілася вясна. Сонца павярнула на поўдзень і пачало свяціць больш ласкава. З кожным днём станавілася ўсё цяплей. Сышоў снег. Ажыла лясная рачулка. Птушкі вярталіся на радзіму, да сваіх гнёздаў. Як і кожны год, Васілёк з Алёшам сустракалі лясных і балотных птушак.
   Неяк ранкам, калі паводка спала, хлопчыкі пайшлі на возера, каб пабачыць свайго качара. Яны гадалі, як там іх Максімка сустрэў сваіх сяброў з поўдня. Ля вады яны гукнулі разам на ўвесь голас:
   – Мак-сім-ка!
   З кустоў узнялася невялікая чародка качак. Ад іх аддзяліўся Максімка. Ён зрабіў над возерам некалькі кругоў (маўляў, паглядзіце, сябры, як я лятаю) і сеў на ваду ля самага берага.
   Васілёк з Алёшам вельмі ўзрадаваліся і пачалі клікаць яго. Качар выйшаў з вады. Васілёк паклаў перад ім аладку і лусту хлеба. Максімка еў не спяшаючыся і на гэты раз нават не аглядваўся па баках. Пасля абеду ён крыкнуў некалькі разоў і паплыў на сярэдзіну возера. Качар часта спыняўся, паглядаў на бераг, то ўзнімаў, то апускаў галаву, нібы дзякаваў хлопчыкам за іх клопаты.
 
Паводле Я. Зазекі

 

Похожие статьи:

ПераказыСарока-белабока

ПераказыПадземны паляўнічы

ПераказыСтракаты дзяцел

ПераказыКемлівая казуля

ПераказыТанец жураўлёў