Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Завочнік

   «I чаму так выйшла? Я ж загартаваны. Неяк зімой, калі ішоў у школу, вельмі спадабаўся мне свежы сняжок, такі беленькі, чысценькі. Я не ўтрымаўся і дзве добрыя жмені яго ўсыпаў у рот. Пакашляў трохі, і ўсё. А цяпер? Ну, з’еў дзве порцыі марожанага. Дык, па-першае, яны невялікія, а па-другое, марожанае не халаднейшае за снег. Трэба было, мабыць, купляць толькі адну. Але ж перада мной дзяўчынка ўзяла аж пяць порцый. Можа, не для сябе адной?»
   Так скардзіўся на свой лёс Юрка, ужо лежачы ў пасцелі.
   Спачатку ўсё было добра. Ён паглядзеў па тэлевізары перадачу «У свеце жывёл », потым зрабіў дамашняе заданне, вывучыў на памяць верш. «Цяпер можна пайсці і пагуляць», – падумаў, устаючы з-за стала. Так бы яно і было, каб маці не захацелася праверыць, ці добра сын вывучыў верш. Тут Юрку нічога не пагражала. I раптам быццам нехта адабраў у яго голас. З горла вырываліся толькі сіплыя гукі.
   Маці ўстрывожылася. Праз нейкі час доктар у белым халаце мераў яму тэмпературу, глядзеў горла, слухаў грудзі. Тут ужо і Юрка адчуў, што захварэў.
   Сястра Ганка была бязлітаснай:
   – Так табе і трэба, скнара! Не мог прынесці адну порцыю мне?
   А бацька сказаў, што Юрка ў іх цяпер будзе завочнікам, бо будзе вучыцца дома.
   У панядзелак Юрка застаўся дома адзін. Ляжаць доўга ў пасцелі ён, вядома, не мог. Памятаючы, што ён цяпер завочнік, уключыў праграму «Тэлебачанне – школе». Раней Юрка ніколі не глядзеў школьных праграм: хапала, на яго думку, навукі і на занятках. Цяпер жа ён не толькі чуў словы настаўніцы, але і бачыў тое, пра што расказвалі. А галоўнае – ні пра што не пыталіся, ніякіх заўваг не рабілі.
   Назаўтра па тэлебачанні для вучняў Юркавага ўзросту быў урок спеваў. На гэтым уроку хлопчык упершыню за апошнія дні добра пасмяяўся. Сам з сябе, бо паспрабаваў сваім сіплым голасам падпяваць. Няцяжка здагадацца, што з гэтага выйшла.
   А яшчэ праз дзень напалохаўся і сам Юрка, і асабліва маці. Амаль на ўсім целе высыпалі нейкія чырвоныя кропкі. Але і без іх Юрка ведаў, што цяпер не хутка ўбачыцца з сябрамі-аднакласнікамі, з настаўніцай Галінай Іванаўнай.
   Ноччу Юрку прысніўся дзіўны сон. Дзіўны таму, што гэта быў як быццам і не сон. Галіна Іванаўна вядзе ўрок. За партамі сядзяць вучні, усе да аднаго знаёмыя Юрку. Юркава месца за партай пустуе. Хоць яго няма ў класе, але ён усё бачыць і чуе.
   Прачнуўся Юрка і доўга не мог апамятацца.
   А тут пазваніў яго найлепшы сябар Дзяніска. Хіба лёгка было слухаць, што без Юркі пачаўся шахматны турнір, што без яго ўсе пойдуць у дзіцячы тэатр, без яго перагарнулі нямала старонак у падручніках.
   Усяму бывае канец. Прыйшоў канец і Юркавым хваробам: хлопчык ужо добра размаўляў, горла не балела, чырвоныя кропкі з цела зніклі.
   У школу Юрка ішоў з некаторай асцярогай. А што, калі Галіна Іванаўна пачне ганяць па ўсім матэрыяле, які прайшлі без яго? А што, калі ён будзе толькі мыкаць у адказ?
   Нічога асаблівага не здарылася. Адказваў Юрка добра, і Галіна Іванаўна засталася задаволеная.
   Выходзіла, што ён як быццам нічога не страціў, будучы вымушаным завочнікам. Як быццам...
   – Ну як? – запытаў бацька дома, хоць перад гэтым пазваніў у школу і ведаў, што ў сына ўсё добра.
   – Ды нічога, – адказаў Юрка. – Жыць можна. Толькі я больш ніколі не хачу быць завочнікам!
(525 слоў)

Паводле У. Шахаўца.