… Цяпер маё роднае Заброддзе, дзе толькі ў чатырох хатах цепліцца жыццё, ціхае, састарэлае, занядбанае, як, дарэчы, і многія беларускія вёсачкі, аднесеныя некалі да неперспектыўных. Дасталося яму, вядома, і чарнобыльскіх "пачастункаў".
Не такая ўжо і наша бацькоўская хата, з якой у свой час вылецелі ў далёкі свет мае пяць сясцёр і пяць братоў. Ды і бацькі пакінулі яе ў пачатку васьмідзясятых, перабраўшыся на матчыну радзіму ў вёску Ямнае, што непадалёку ад Быхава. Пэўны час з розных гарадоў нашы пуцявіны кіравалі ў Ямнае, а душы вельмі сумавалі па Заброддзі… Цяпер, калі мама і тата спачываюць на ямніцкіх могілках, мы, дзеці, заязджаем туды толькі на паклон ім, бацькам нашым, каму абавязаны да апошняга кроку. А частку адпачынку абавязкова праводзім у мілым сэрцу Заброддзі. Бацькоўскую хату, наша незабыўнае "гняздо", глядзіць, прыгожыць старэйшая сястра Валянціна, якая наязджае сюды з Мінска і знаходзіцца з вясны да позняй восені.
Некалі паехаўшы з роднай вёскі на вучобу, душой я назаўсёды застаўся ў ёй. У апошнія гады гэтыя сувязь пашыраецца, мацнее. Нярэдка выступаю перад землякамі ў Глухах, Быхаве. Падтрымліваю сувязь з кіраўнікамі раённых структур, краязнаўчым музеем, СПК "Глухі", роднай школай… Усё часцей адчуваю ў сталіцы, як не хапае мне тут да болю роднага, невымоўна-светлага, шчымліва-крынічнага, таго, што ёсць толькі на радзіме. Ніколі так не імкнуся ў экзатычная мясціны далёкага замежжа, як у сваё чароўнае Заброддзе, дзе, сустракаючыся з людзьмі, зліваючыся з прыродай, адчуваю сябе ўзнёслым і шчаслівым. Дзе тысячамі нябачных нітачак маё сэрца звязана усім наваколлем, з зямлёю і небам. Тут лёгка дыхаецца, прыгожа марыцца, вольна крочыцца. Тут адчуваю, як пульсуе мая першая і галоўная крыніца хараства і любові. А на любові і харастве трымаецца свет, а ў гэтым – наша чалавечае прызначэнне і сэнс жыцця…
Жыві, маё Заброддзе!
(280 слоў)
Паводле М. Пазнякова
Похожие статьи:
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом
Іван Мележ → Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Вясковая ідылія
Пераказы → Куток дзяцінства
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Вёска