Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Заблудная лукавіна

   Вячэрні змрок хутка наступаў на Заблудную лукавіну. Некалькі хвілін таму вершаліны векавых дубоў яшчэ іскрыліся жаўтаватым жнівеньскім лісцем у сонечных промнях, і вось цені-шчупальцы ад галінак цягнуцца да зямлі. Кусты, што запаланілі гэты ўскраек зямлі, пачалі проста на вачах распаўзацца, расплывацца, ператвараючыся ў зменлівыя хісткія прывіды. З бакоў Заблудную лукавіну ўзяла ў клешчы рака Мнюта. Яе чыстая празрыстая вада адгарадзіла невялікі лапік зямлі як не ад усяго свету, пакінуўшы толькі вузкі праход у адным месцы.
   Пасярод векавых дубоў ураслі ў зямлю два вялікія камяні-валуны. Адзін, што крыху меншы, быў над самым берагам ракі і, падточаны знізу паводкамі, кожную вясну мог зваліцца ў раку. Другі, большы, падобны на калматага агромністага мядзведзя, які толькі ўзняў морду, каб агледзець наваколле пасля зімовай спячкі, ды, бы зачараваны, так і застыў на стагоддзі. Камень-мядзведзь зялёны, з нейкім бурштынавым адлівам. Праўда, адзін бок чорны, але не ад прыроды, а ад дыму вогнішчаў, што кожны вечар палілі тут сябры – Віцька, Цімка і Пятрусь. Заблудная лукавіна, гэтыя валуны, векавыя дубы, рака – усё было іх месцам, іх маленькім патаемным куточкам, дзе можна рабіць усё, што хочацца… Сюды ніколі не хадзілі дарослыя, лічылі Заблудную лукавіну месцам нядобрым, нават небяспечным.
   З надыходам вечара, як толькі знікала над Замкавай гарой сонца, Заблудная лукавіна ажывала. З боку невялікага балота, куды сябры ніколі блізка не падыходзілі, калі-нікалі даносіліся глухія гукі, бы хтосьці цяжка ўздыхаў і клікаў на дапамогу. У гэтыя моманты сябры бліжэй падсоўваліся да цяпельца, гаварылі толькі шэптам. Часам здавалася, што разам са стогнам сіліўся ўзняцца на лапы і камень-мядзведзь, але нешта вельмі моцна трымала яго, не адпускала. Сябры ведалі, што гэта стогне багна. Раней сябры ніколі не заставаліся да ночы на лукавіне, баяліся. Але ж паляцелі ў космас Гагарын, Цітоў, а яны баяцца ноччу быць у Заблудцы… Пад вялікім сакрэтам вырашылі рыхтавацца таксама да палётаў у космас і перш-наперш набрацца смеласці, пазбавіцца ад розных страхаў. Вырашана – зроблена.
(304 словы)

Паводле В. Праўдзіна