Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыць тры дні

   Калі я была маленькая, то вельмі любіла слухаць бабуліны дзівосныя казкі. Бабуля Люба ведала безліч цікавых гісторый, легенд, і, як зараз разумею, многія прыдумвала сама.
   Расказвала бабуля мне, калі я падрасла, і пра іншае, пра сваё жыццё і жыццё наогул. Гісторыі яе я памятаю і цяпер, хоць прайшло шмат часу. Асабліва запомніўся мне адзін яе аповед, які я пачула аднойчы вечарам 22 чэрвеня.
   – А ведаеш, унучачка, у такі ж чэрвеньскі дзень, толькі шмат гадоў назад, пачалася вайна, – сказала бабуля, а яе вочы, звычайна вясёлыя, затуманіліся, павільгатнелі.
   Тады я ўпершыню пачула адну жудасную гісторыю з бабулінага жыцця ў час нямецкай акупацыі.
   Гэта здарылася ў далёкім 1943 годзе, калі ворагі адну за адной знішчалі з жыхарамі беларускія вёскі, палілі, забівалі дзяцей, жанчын, старых, якія засталіся безабароннымі. Дайшлі немцы і да Бераснёўкі, у якой жыла мая бабуля з маленькай дачушкай Зояй і з бацькамі майго дзядулі Пятра, які быў на фронце.
   Тады бабуля Люба была маладой дваццацічатырохгадовай жанчынай. Яе дачушцы Зосьцы было толькі шэсць годзікаў. Дзяўчынка не магла хадзіць, бо зімой у бежанцах застудзіла ножкі, яны, як казала бабуля, адняліся. Таму маці ніколі не пакідала дачушку адну, а ўвесь час насіла яе на руках. Немцы разрабавалі вёску, каго забілі, каго, як маю прабабку Вольгу, кінулі ў палаючую хату, спалілі разам з іншымі жыхарамі.
   Каб уратавацца, маці з нямоглай дачушкай ноччу ўцякла з Бераснёўкі. Некалькі дзён яны хаваліся ў высокім жыце каля вёскі. Было спякотна. Зойка ўвесь час плакала і прасіла піць. Маці пакутавала, не ведаючы, куды ёй падацца, дзе схавацца ад немцаў. Тут фашысты іх і знайшлі. Немцы адразу заўважылі, што ў маладой жанчыны на руках нямоглае дзіця. Спачатку рассмяяліся, пра нешта пагаварылі паміж сабой. Потым адзін з іх прыставіў да скроні маладой маці пісталет, штосьці сказаў другому па-нямецку. Той згодна паківаў галавой і дастаў з кішэні нейкія тры жоўтыя таблеткі. Затым на ломанай рускай мове загадаў маці даць гэтыя таблеткі дзіцяці. Адно зразумела маці: дзіця пражыве толькі тры дні, а потым маладая жанчына назаўсёды будзе вольнай. Таксама сказаў, калі дзяўчынка заплакала і папрасіла піць, што тады дасць малой вады.
   Фашыст прымусіў маці ўзяць, як яна зразумела, атруту, падаў фляжку з вадой. Зноў прыставіў, ужо да скроні дзяўчынкі, пісталет. Спалоханае дзіця зайшлося ў плачы. Маці імгненна сама праглынула гэтыя жоўтыя таблеткі, а вадой напаіла дачушку. Зараз маці ведала: ёй засталося жыць тры дні...
   Да сённяшняга дня невядома, што гэта былі за таблеткі. Можа, ніякія і не шкодныя, бо маладая маці, мая бабуля, засталася жывой. Можа, прымушаючы імі атруціць хворую дачушку, ворагі так пацяшаліся, жартавалі? Загадкай застаецца і тое, чаму яны адпусцілі маці і дзіця. А можа, якраз учынак маці, якая згодна была пайсці на смерць дзеля таго, каб даць дзіцяці вады, спадзеючыся, што ворагі злітуюцца над хворай, кранула іх нечалавечыя сэрцы? Хто ведае...
(453 словы)

Паводле В. Лешчанкі.