Тры гады мінула з тае пары, як скончылася вайна. Яна адгрымела гарматнай кананадай, адстракатала кулямётнымі чэргамі, гул яе, нібы рэха, паступова знік удалечыні ды дзесьці там і растаў, сцішыўся. На змену гэтым вусцішным гукам, што неслі людзям гора і смерць, прыйшлі іншыя – гукі жыцця: жыханне піл у вёсках, стук сякер, віск малатарняў. Перабінтаваўшы раны фізічныя, падлячыўшы раны душэўныя, людзі нанова адбудоўвалі жыллё, аралі зямлю і ціха радаваліся, што засталіся жывымі, што зноў бачаць сонца, жартуюць, смяюцца. Многія жонкі хоць і пакалечаных, але мужчын з вайны дачакаліся, а адсюль – радасць двайная.
Здавалася, Сялюцічы былі назаўсёды сцёртыя з зямлі: ні адной сядзібы цэлай не засталося, а ўсіх жыхароў фашысты ў дым ператварылі. Аднак – не, ажылі і яны. Гэта як у прыродзе. Вырвеш вясной стары непатрэбны куст парэчак разам з карэннямі, штосьці на тым жа месцы іншае пасадзіш, а ўлетку глядзіш – парэчкавыя пасынкі дружна з глебы выперлі. Усё пачысціш, выпалеш – праз які месяц зноў тырчаць. Вось якое яно ўпартае, жыццё, ты яго, здаецца, – насмерць, а яно насуперак усім нягодам паступова ажывае, распрамляе плечы і зноў насустрач сонцу імкнецца.
Так і з Сялюцічамі сталася. Хтосьці ў час аблавы змог у цёмным склепе адседзецца, хтосьці ў глыбокім падполлі хаты жывым застаўся, камусьці пашчасціла ў час пякельнай мітусні непрыкметна за капой сена ад вострага варожага вока схавацца, а потым, шчыльна прыціскаючыся да зямлі-матухны, да лесу дапаўзці. Зноў жа не ўсіх сялюціцкіх мужыкоў на вайне пазабівала, хаця і параненыя, а да спаленага паселішча ўсё ж дацягнулі, пачалі паціху зямлянкі капаць, а калі адагрэліся, адталі сэрцам ды вярнулі душэўную раўнавагу, то пачалі па-новаму жыць. Праз год-другі плач немаўляці іскрыстым званочкам над вёскай-магілай празвінеў, паведаміў свету, што жыццё тут не спынілася, не сышло цалкам, а працягваецца, набірае сілу і моц.
(284 словы)
Паводле В. Шабалтаса
Похожие статьи:
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Казкі жыцця
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Жыцце
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Дзяцінства пачынаецца з пытання...
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Жывеш не вечна, чалавек...
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Бяссмерце