Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыровіцкі абраз Божай Маці

   Цудатворны Жыровіцкі абраз Божай Маці здаўна па праву лічыцца адной з найбольш шанаваных хрысціянскіх святынь у Беларусі. Захоўваецца ён у Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры.
   Калісьці на гэтым месцы шумеў дрымучы лес. Належаў ён, як і ўсё наваколле вёскі Жыровічы, баярыну Аляксандру Солтану. Аднойчы летнім днём 1470 года мясцовыя пастухі пасвілі ў лесе кароў. У лясным паўзмроку заўважылі ў галінах грушы-дзічкі дзіўнае святло. Яны спусціліся з пагорка на бераг ручая і здзівіліся яшчэ больш. На дрэве незгасальным святлом праменіўся абраз Божай Маці з сынам на правай руцэ. Пастухі знялі абраз з дрэва. Быў ён выразаны з надзвычай каштоўнага каменя. Невялікі, ён змяшчаўся на далоні рукі. Усцешаныя пастухі аднеслі абраз Аляксандру Солтану. Той схаваў яго ў куфар. Калі гаспадар вечарам хацеў паказаць выяву Багародзіцы гасцям, абраза ў куфэрку не аказалася.
   Праз некалькі дзён пастухі знайшлі зніклы абраз у тым самым лесе, над тым жа ручаём, на той жа дзікай грушы. Баярын Солтан ацаніў незвычайную падзею як вялікі знак. Ён сам пайшоў на месца з’яўлення абраза. Там ён даў цвёрдае абяцанне збудаваць царкву ў гонар Божай Маці. Неўзабаве на месцы, дзе расла лясная груша, з’явіўся драўляны храм.
   З часам пабудаваная царква згарэла. Усе думалі, што ў агні згарэў і каштоўны абраз. Аднак цудадзейная сіла ўратавала святыню. Пазней яе знайшлі сялянскія хлапчукі. Гэта быў той самы святы абраз. Перад ім гарэла невядома кім запаленая свечка. Гэта так усхвалявала вернікаў, што да іконы пачалося сапраўднае паломніцтва.
   Неўзабаве быў заснаваны Жыровіцкі мужчынскі манастыр. Будаўніцтву аказаў спрыянне Леў Сапега, канцлер Вялікага Княства Літоўскага. Ён перадаў манастыру шмат зямлі, ахвяраваў вялікі святы звон і беларускае рукапіснае Евангелле. Гэты ўнікальны помнік быў шыкоўна ўпрыгожаны, аздоблены, меў шмат малюнкаў. У багатай манастырскай бібліятэцы ўжо ў XVIII стагоддзі захоўвалася больш за пяцьсот рукапісных кніг. Сярод іх былі і кнігі, перапісаныя ў манастыры, і кнігі, якія падарылі багатыя высокаадукаваныя вернікі.
   Слава пра Жыровіцкі манастыр хутка разышлася па ўсёй Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім. Тысячы паломнікаў штогод наведвалі Жыровічы. Цудатворнаму абразу прыязджалі пакланіцца вялікія літоўскія князі і польскія каралі.
   Цудатворная сіла іконы праяўлялася неаднаразова. Пры частых пажарах у Жыровічах абраз не толькі сам заставаўся цэлым, але і ўратоўваў ад агню будынкі манастыра. Былі вядомы прыклады вылечвання цяжкахворых людзей. Абраз набыў шырокую вядомасць ва ўсім свеце. Напрыклад, яго копію яшчэ ў XVIII стагоддзі невядомы беларускі іканапісец зрабіў для манастыра ў Рыме.
   Жыровічы і сёння па-ранейшаму з’яўляюцца святым месцам паломніцтва для хрысціян. Яны ідуць сюды, каб аддаць паклон цудатворнаму абразу і Святой Багародзіцы. Ідуць, каб папрасіць заступніцтва за сябе, за родных, за нашу краіну і яе народ.
   Кожны год 20 мая вернікі Беларусі адзначаюць вялікае свята цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці. Яны шчыра пакланяюцца яму. Пакланяючыся, самі ачышчаюцца ад нядобрага, злога, напаўняюць свае душы святлом і радасцю. Верачы ў святую сілу абраза, людзі імкнуцца да свайго прызначэння – любіць і дапамагаць іншым.
(460 слоў)

Паводле У. Ягоўдзіка.

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац