Тата з мамай падарылі Машы марскую свінку. Усе разам прыдумалі ёй хатку – пусты акварыум. Маша прапанавала назваць свінку Рыжухай, бо шэрстка на ёй рыжая, як у вавёркі.
Рыжуха любіць спаць. Таму і тоўсценькая такая, гладкая. Вочкі маленькія, як бы сонныя. А як прачнецца, становіцца на заднія лапкі і піпікае, просіць есці.
І Маша пачынае карміць сваю любіміцу. Дае сырую бульбу, капуснае лісце. Рыжуха можа есці сыр, шкарлупкі ад яек. Асабліва падабаецца ёй зялёненькая траўка.
Маша выпускае Рыжуху пагуляць. Свінка разгоніцца, паслізнецца і сунецца бачком па слізкім паркеце.
З кожным днём Машы ўсё больш падабаецца Рыжуха. Дзяўчынка толькі не можа зразумець, чаму марская свінка не любіць вады, не любіць купацца і не ўмее плаваць. Чаму яе марской назвалі?
(119 слоў)
(Паводле У. Ліпскага)