Жыве на свеце Шчасце. У якім месцы? Невядома. Але што яно ёсць, ведаюць усе. Кажуць, што прыходзіць Шчасце абавязкова да кожнага хоць аднойчы ў жыцці.
Села Шчасце на ўскраек акенца маленькай шэрай птушкай. Крылы склала, чакала, пакуль нехта прыйдзе. Шмат часу прайшло, так яго і не заўважыў ніхто. Далей паляцела.
Да іншых завітала, пагукала. Падышлі да яе, запыталіся: «Што трэба?» Адказала ледзь чутна: «Шчасце я».
«Хіба ты можаш быць Шчасцем? – здзівіліся. – Шчасце вялікае, бліскучае – яго здалёк бачна. А ты маленькае, непрыкметнае. Ляці, куды хочаш!»
Узнялося Шчасце ў неба і паляцела далей. У іншым акенцы святло ўбачыла, зазірнула: «А вам Шчасце патрэбна?» Там доўга думалі, разважалі, куды яго падзець, ці патрэбна яно. «Прабач, не да цябе зараз, клопатаў незлічона. Ляці далей!» – і зачынілі акенца. Паляцела Шчасце далей.
Доўга лятала. «Няўжо я так нікому і не патрэбна?» – думае. Спынілася вадзіцы папіць з крынічкі. У ваду паглядзела – сябе ўбачыла. «Хіба хто гэткае маленькае заўважыць?» – уздыхнула і зноў паляцела.
Села на ўскраек акенца маленькай шэрай птушкай. Крылы склала. Толькі разочак гукнула ціхенька. Стамілася, вочы прыжмурыла.
Цёплыя далоні асцярожна пагладзілі яе. «Чаго ты, Шчасцейка, засумавала?» – спыталі. Расплюшчыла Шчасце вочы, усміхнулася радасна: «Як вы мяне пазналі? Я ж з выгляду непрыкметнае». У адказ пачула: «Дзякуй, што завітала. Як жа цябе не пазнаць? Сапраўднае заўсёды бачна. А тое, што яркіх фарбаў ды бляску няма, дык навошта Шчасце ўпрыгожваць?»
Засмяялася Шчасце! Званочкамі срэбранымі заспявала. Расхінула крылы над тымі, хто яго пазнаў.
Доўга гасцявала Шчасцейка, але трэба зноў у дарогу: столькі яшчэ акенцаў наперадзе. Пакінула часцінку свайго сэрца россыпам Кахання, Дабрыні, Пяшчоты. Колерамі вясёлкавымі ззяюць яны ў душах і цяпер. Светла ад іх, таму і берагуць.
(271 слова)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Проста радасць
Пераказы, дыктанты → Шчасце
Максім Танк → Максім Танк - Шчасце
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Шчасце
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Шчасце не ў золаце