Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жураўліная песня

   З прыходам вясны ўсё жывое адчувае святочную радасць. А што трэба, каб радасць нарадзілася ў душы чалавека? Трэба, каб стала вясновай душа. I неабавязкова гэтай радасці прыходзіць да чалавека вясной: ёсць яшчэ лета і зіма, ёсць восень. Ёсць яшчэ дзень і ноч, усход і захад сонца.
   Кожная пара года мае чым парадаваць. Зімой трашчыць уночы на рэках лёд, і гул гэты ідзе высока, аж да неба. Раніцай глянеш — ляжаць снягі, ружовыя і чыстыя, як радасць. Радасна і горача ўлетку. Вось ужо вісіць над зямлёю яблык. Ён пераспелы і светлы, як даўняя журба. Упадзе ён — і надыдзе ціхая жоўтая восень. Восенню хлапчукі пякуць у полі бульбу, і прыходзяць восенню да чалавека прыемныя ўспаміны маленства.
   Але толькі вясной высока ў небе клічуць радасць журавы. I калі радасць запазнілася да цябе, не прыйшла ні зімой, ні летам, ні ўдзень, ні ўноч, дык абавязкова прыйдзе з гэтай вясной. Вось тады ты спазнаеш і трывогу, і шкадаванне, і журбу. Толькі гэта ўсё адно будзе радасць.
   Першым дажджом і вільготным пруткім ветрам грукае ў акно ранняя вясна. Яшчэ холадна. Ноччу, здараецца, ідзе дождж. У вадасцёкавай трубе грыміць, як гром, абвальваецца намерзлы лёд. Але скора ўжо будуць трубіць журавы. Ралля ў полі стане шэрай, як жураўлінае крыло.
   I вырастае ў душы чалавека радасць. I Млечны Шлях сплывае ў вечнасць. I ляцяць, ляцяць сваёй млечнай дарогай над цёмнай вясновай зямлёй журавы. I ідзе па зямлі жураўліная песня.
(231 слова)

Паводле М. Стральцова

 

Похожие статьи:

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - Сена на асфальце

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - Адзін лапаць, адзін чунь

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - На чацвёртым годзе вайны

БиографииМіхась Стральцоў

Міхась СтральцоўТворчасць Міхася Стральцова