Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Жалезны кароль
Звалі яго Міндоўг. І жыў ён восемсот гадоў назад. Задумайцеся, з якой далёкай гісторыі захавалася памяць пра гэтага чалавека.
Хочацца найперш «расшыфраваць» яго незвычайнае імя. Яно складаецца як бы з двух слоў: міна і доўг. Што такое доўг, мы ведаем. А вось слова «міна» мае некалькі значэнняў. Гэта і зброя, і выраз твару, а даўней мінай называлі манеты. Ды ўсё гэта неяк не стасуецца з чалавечым імем.
А ёсць жа старажытнае імя Міна, Мінай. У грэчаскай мове азначае месяцовы. Яго, відаць, надавалі немаўлятам у гонар маладзіка нябеснага, каб яны заўсёды былі маладымі, яснымі, прывабнымі. Увекавечыў гэта імя свяціцель Міна, полацкі біскуп, не без удзелу якога ўзрасла Ефрасіння Полацкая. Абое яны, духоўны настаўнік і паслухмянка-вучаніца, – святыя людзі.
Дык вось і атрымліваецца, што Міндоўг – гэта дзіця, народжанае пад высокім нябесным месяцам. І з’явілася на свет у доўг, як бы з умовай, што сваім жыццём яно апраўдае той давер, доўг, якія яму выдалі бацькі.
На жаль, пра бацькоў Міндоўга мы нічога не ведаем. Можам толькі здагадвацца, што яны былі з вядомага полацкага радаводу і далі свайму сыну высокую адукацыю, скіравалі на шырокую дарогу жыцця.
Можна паверыць гісторыкам, якія сцвярджаюць, што Міндоўг ужо ў маладыя гады ўдзельнічаў у баявых паходах, валодаў ваенным майстэрствам. Адзін з сучасных аўтараў намаляваў Міндоўга ва ўсім жалезным уборы: шлем, кальчуга, нарукаўнікі, фігурысты пояс, панцыр. Чым не жалезны рыцар?
Але ж Міндоўг быў не проста воінам. Ён князь, палкаводзец, стратэг, палітык. І не толькі вадзіў сваю дружыну на ворагаў, ён абараняў свой горад Наваградак, змагаўся за сваю зямлю, якая тады называлася Літвой Міндоўга. Яна знаходзілася паміж Полацкам, Менскам, Пінскам, Слонімам, Наваградкам. Зірнуўшы на карту, можна ўявіць сабе месцазнаходжанне старажытнай Літвы. Гэта зусім не тыя землі, якія займае цяперашняя краіна Літва.
Колькі паходаў здзейсніў князь Міндоўг, колькі перамог атрымаў, каб слава пра яго засталася жыць праз вякі! Ён увайшоў у гісторыю нашай Беларусі як заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага. У 1253 годзе ён быў уганараваны каралеўскай каронай. Яе даслаў нашаму князю Папа Рымскі Інакенцій ІV. І гэта велічная падзея адбылася ў Наваградку.
Слава і веліч Міндоўга парадзілі зайздроснікаў, змоўшчыкаў сярод князёў-суседзяў. Яны згуртаваліся супраць Міндоўга і па-здрадніцку забілі яго разам з сынамі.
Існуе паданне, што Міндоўг быў пахаваны ў Наваградку разам з залатым тронам. На месцы яго магілы наваградцы насыпалі высокі курган. Цяпер тое месца называецца Гарой Міндоўга. Каля яе падножжа ўстаноўлены памятны знак. Ён нагадвае пра нашага героя, заснавальніка і першага вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага, першага і апошняга караля старажытнай Літвы.
Справу легендарнага Міндоўга працягнуў яго старэйшы сын Войшалк. Ён згуртаваў новыя баявыя дружыны, якія з’ядналі Навагародскую, Літоўскую, Жамойцкую землі ў адзіную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае. Яно на некалькі стагоддзяў стала агульным домам для нашых продкаў.
(438 слоў)
(У. Ліпскі)