Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ефрасіння Полацкая

   З мінулых стагоддзяў дайшлі да нас імёны выдатных дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх асобае месца займае імя Ефрасінні Полацкай. Нарадзілася яна ў сям’і князя Святаслава-Георгія і даводзілася ўнучкай аднаму з полацкіх князёў, славутаму Усяславу Чарадзею. Дзяўчынку назвалі Прадславай. Слава пра розум і прыгажосць полацкай князёўны разнеслася далёка па славянскіх землях. Калі Прадславе споўнілася дванаццаць гадоў (у той час дзяўчынка ўжо лічылася нявестаю), у Полацк зачасцілі сваты. Бацькі меркавалі выдаць дачку замуж за сына нейкага багатага і славутага князя. Аднак Прадслава абрала сабе іншы шлях: князёўна пайшла ў манастыр і прыняла пострыг пад імем Ефрасінні.
   Спачатку маладая манашка перапісвала і перакладала з іншых моў кнігі і, як лічаць некаторыя гісторыкі, вяла Полацкі летапіс. Праз некалькі гадоў духоўнага ўдасканалення яна заснавала ў Полацку жаночы, а затым і мужчынскі манастыры. Пры іх Ефрасіння адкрыла скрыпторыі – майстэрні па перапісванні кніг, а таксама і школы, у якіх дзеці авалодвалі граматай, вучылі гісторыю, грэчаскую і лацінскую мовы, спасцігалі навуку красамоўства. Асветніца нястомна збірала вакол сябе таленавітых людзей, таму яе можна назваць нашай першай мецэнаткай. Па яе заказе ў Полацку быў пабудаваны сусветна вядомы Спасаўскі сабор, распісаны ўнікальнымі фрэскамі. З імем асветніцы звязана і стварэнне славутага крыжа – шэдэўра старажытнабеларускага ювелірнага мастацтва.
   Ефрасіння Полацкая стала адной з першых жанчын на ўсходніх землях, якая была прылічана да святых, нябеснай заступніцай усёй беларускай зямлі. Вечную памяць і любоў народа яна заслужыла сваім ахвярным жыццём, якое прысвяціла асвеце нашых продкаў.
(252 словы)

Паводле І. Саверчанкі, З. Санько

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыАпякунка Беларусі

ІншаеЕўфрасіння Полацкая

ІншаеСімяон Полацкі

Пераказы, дыктантыПрадслава

ІншаеСяргей Тарасаў - Фрэскі