Не злічыць зараз, колькі разоў у сваім жыцці згадваў я твае суровыя і строгія ўрокі сумленнага стаўлення да таго, што робіш. Горкія часам былі тыя ўрокі, і я нават злаваў і плакаў ад тваёй, як мне здавалася, залішняй патрабавальнасці.
Згадваю, як аднойчы ўлетку, калі я быў у чацвёртым класе, мы перасыпалі наш стары плот. Лепшыя аполкі ставілі ад вуліцы, а гузаватыя ў канцы саду, пад клёнамі. Мацаваць аполкі да ніжняй жардзіны ты даручыў мне і паказаў, як тое робіцца. У мяне гэтак не атрымлівалася. Старыя цвікі гнуліся, надакучыла выцягваць іх абцугамі, раўняць. Я пачаў, калі цвік звіваўся кручком, малаціць па ім малатком з усёй моцы.
Кончыкам сякеры ты падкалупнуў той скрыўлены цвік, падраўняў на абуху і дакладнымі ўдарамі ўвагнаў па самую плешку. Ты загадаў мне ўсё перарабіць.
Ужо ў сталым узросце я неаднойчы лавіў сябе на думцы, што тыя твае суровыя і справядлівыя патрабаванні клапатліва і паслядоўна прышчаплялі мне замілаванасць да працы.
(152 словы)
Паводле А. Савіцкага
Похожие статьи:
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Бацьку
Яўгенія Янішчыц → Яўгенія Янішчыц - Бацькава дарога
Янка Купала → Янка Купала - Сыны
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Нямоглы бацька
Пераказы, дыктанты → Цэнтр Сусвету