Хлопцы краем затокі пайшлі да дубняку, дзе можна было спадзявацца на дровы для вогнішча. І хутка ў іх гарэў утульны агонь. Была своеасаблівая цішыня летняга дня з тонкім стракатаннем конікаў і птушыным пошчакам з недалёкага лесу.
Раптам пачулася нешта такое, што прымусіла хлопцаў прыслухацца. Невядома адкуль даляцелі быццам першы раз пачутыя, але такія знаёмыя і блізкія гукі. Яны былі чыстыя, як само паветра, вымытае дажджом, прыглушаныя адлегласцю і таму празрыстыя.
– Дудка беларуская, – прашаптаў Стась і пачаў ціха ўставаць з зямлі, быццам баяўся спалохаць мелодыю.
Мелодыя набліжалася, расла, гукі падымаліся ўгору і жаўранкам трапяталіся там у сонечных промнях. І столькі было адвечнасці і першабытнасці ў гэтай мелодыі, што нешта сціскала сэрца і не адпускала. Потым усё заціхла. На хлапечых тварах адбілася расчараванне. А можа, нічога і не было, можа, гэта быў толькі сон?
Праз кароткі час да вогнішча падышоў незнаёмы. Пад пахай у яго тарчала дудка. Хлопцы, як зачараваныя, глядзелі на гэты інструмент.
(152 словы)
Паводле М. Чарняўскага
Похожие статьи:
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Дудка
Віталь Вольскі → Віталь Вольскі - Цудоўная дудка
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Мая дудка
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Дудачка