Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дуб і сасна

   Увагу ўсіх, хто едзе ў горад па старой дарозе Гарадзея – Нясвіж, прыцягвае незвычайны помнік прыроды. Дуб і сасна стаяць абняўшыся, як закаханыя, а вакол помніка – агароджа і надпіс «Аберагаецца дзяржавай».
   Шмат легенд звязана з гэтымі дрэвамі. Адна з легенд апавядае пра тыя часы, калі ў Нясвіжы быў створаны вялікі прыгонны тэатр. У Слуцку таксама існаваў прыгонны тэатр, і родныя браты Міхал і Геранім Радзівілы часта пазычалі адзін аднаму артыстаў. Калі ў Нясвіжы задумалі паставіць некалькі балетных спектакляў, са Слуцка прывезлі артыстаў-танцораў у абмен на таленавітых нясвіжскіх музыкантаў.
   Паданне расказвае, што сярод балерын вызначалася талентам і прыгажосцю сямнаццацігадовая Гануся. Стройная, блакітнавокая, яна пакарала сэрцы гледачоў. Не маглі застацца раўнадушнымі да таленту простай дзяўчыны князі і іх госці. Некаторыя з гасцей спадзяваліся знайсці спагадлівы адказ на свае заляцанні, але артыстка адмаўляла ўсім і вымушана была пасля спектакляў хавацца ў старых дэкарацыях за сцэнай.
   Малады прыгажун Язэп, нясвіжскі мастак, рыхтаваў дэкарацыі да спектакляў і ведаў, дзе хавалася дзяўчына. Ён закахаўся ў Ганусю. Дзяўчына таксама звярнула ўвагу на мастака і чакала прызнання толькі ад яго, Язэп жа не лічыў сябе дастойным увагі таленавітай балерыны.
   Такое становішча цягнулася амаль два гады. Хутка заканчваўся тэрмін дагавора, і Гануся павінна была вярнуцца ў Слуцк. Адчай дапамог юнаку перамагчы нерашучасць і прызнацца любай у каханні. Доўгачаканыя словы хлопца знайшлі водгук у сэрцы дзяўчыны, і шчаслівыя закаханыя вырашылі звярнуцца да князя Міхала па дазвол на шлюб. Нясвіжскі князь даў згоду на вяселле, але патрэбны быў дазвол і слуцкага Радзівіла. Жорсткі князь у гневе загадаў закаваць дзяўчыну ў кайданы і даставіць назад у Слуцк. Пачуўшы гэта, закаханыя вырашылі ўцякаць, але салдаты злавілі ўцекачоў недалёка ад Нясвіжа. Закаваную ў кайданы Ганусю павезлі ў Слуцк, а праз некалькі дзён дзяўчына загінула.
   З той пары Язэп у любое надвор’е хадзіў на месца іх апошняга расстання і праводзіў там цэлыя гадзіны. Магчыма, гэта ён пасадзіў у памяць пра сваё адзінае каханне незвычайныя дрэвы. Язэп адрокся ад свету і ўсё жыццё аддаў манаству…
   Дуб і сасна дажылі да нашых дзён.
(328 слоў)

(Паводле К. Шышыгінай)

 


 

   Увагу ўсіх, хто едзе па старой дарозе Гарадзея-Нясвіж, прыцягвае незвычайны помнік прыроды: дуб і сасна стаяць абняўшыся, як закаханыя на ўсё жыццё.
   Шмат легенд звязана з гэтымі дрэвамі. У кожнай абавязкова прысутнічаюць закаханыя, якіх разлучылі сілаю. Адна з легенд апавядае пра тыя часы, калі ў Нясвіжы быў створаны вялікі прыгонны тэатр. Артыстаў рыхтавалі з мясцовай прыгоннай дзятвы. Ужо праз тры-чатыры гады маленькіх артыстаў можна было паказваць нават самаму патрабавальнаму гледачу Еўропы.
   Падзеі адбываліся ў другой палове XVІІІ стагоддзя. У Слуцку існаваў прыгонны тэатр. Браты Міхал і Геранім Радзівілы часта пазычалі адзін аднаму артыстаў. На слуцкай сцэне балет развіваўся значна раней, чым у Нясвіжы, дзе спачатку аддавалі перавагу драматычнаму мастацтву. Калі ў Нясвіжы задумалі паставіць некалькі балетных спектакляў, са Слуцка прывезлі артыстаў-танцораў у абмен на таленавітых нясвіжскіх музыкантаў.
   Паданне расказвае, што сярод балерын вызначалася талентам і прыгажосцю семнаццацігадовая Гануся. Стройная, з вялікімі блакітнымі вачыма, якія ў танцы запальваліся агнём незвычайнага натхнення, яна пакарала сэрцы гледачоў. Не маглі застацца раўнадушнымі да вялікага таленту простай дзяўчыны нават князі і іх шматлікія знакамітыя госці. Некаторыя з гасцей спадзяваліся знайсці спагадлівы адказ на свае заляцанні і былі пакрыўджаны, калі артыстка рэзка і рашуча адмаўляла ўсім, нягледзячы на паходжанне і званне. Гэта абражала фанабэрыстых паклоннікаў, якія нават спрабавалі скардзіцца самому князю і патрабавалі адправіць яе на стайню. Каб пазбегнуць заляцанняў і зневажальных падарункаў, танцорка вымушана была пасля спектакляў хавацца ў патаемных месцах. Часта для гэтай мэты яна выкарыстоўвала старыя дэкарацыі за сцэнай.
   Нясвіжскі мастак, малады прыгажун Язэп, які не аднойчы рыхтаваў дэкарацыі да спектакляў, ведаў, дзе хавалася дзяўчына. У яго сэрцы агонь кахання гарэў яшчэ з таго моманту, калі ён упершыню ўбачыў Ганусю.
   Гануся марыла пра вялікае каханне, якое часта павінна была перадаваць у танцы, але ніколі яшчэ не перажывала ў паўсядзённым жыцці. Яна даўно звярнула ўвагу на маладога мастака і чакала прызнання толькі ад яго. Язэп жа лічыў сябе не вартым увагі такой таленавітай балерыны. Дзяўчына здавалася яму недасягальнай зоркай, ідэалам. Больш за ўсё ён баяўся словамі прызнання абразіць, напалохаць каханую і страціць яе давер і прыхільнасць.
   Так цягнулася амаль два гады. Хутка заканчваўся тэрмін дагавора, і Гануся павінна была вярнуцца ў Слуцк. Адчай, які перажываў юнак пры думцы аб расстанні, дапамог яму адолець нерашучасць і прызнацца любай у сваім вялікім каханні. Доўгачаканыя словы ўсхваляванага хлопца знайшлі водгук у сэрцы дзяўчыны. Шчаслівыя закаханыя вырашылі звярнуцца да нясвіжскага князя Міхала за дазволам на шлюб. Той даў згоду, але патрэбна была згода і слуцкага князя, які вызначаўся лютай жорсткасцю ў адносінах да прыгонных. Здарылася самае страшнае: жорсткі князь загадаў закаваць дзяўчыну ў кайданы і даставіць назад у Слуцк.
   Пачуўшы пра тое рашэнне, закаханыя вырашылі ўцякаць, але салдаты злавілі іх недалёка ад Нясвіжа. Апошнія абдымкі іх і роспач былі такімі адчайнымі, што нават сэрцы салдатаў не вытрымалі: яны плакалі разам з тымі, каго павінны былі разлучыць. Закаваную ў кайданы Ганусю завезлі ў Слуцк, а праз некалькі дзён у Нясвіжы даведаліся, што дзяўчына загінула.
   З той пары Язэп у любое надвор’е хадзіў на месца іх апошняга расстання і праводзіў там цэлыя гадзіны. Можа, гэта ён пасадзіў і выгадаваў у памяць аб сваім адзіным каханні незвычайныя дрэвы.
   Дуб і сасна дажылі да нашых дзён як сімвал кахання і вернасці. Тут пабудавана арка з заручальнымі пярсцёнкамі. На гэтае месца прыязджаюць маладыя ў дзень вяселля, каб прысягнуць на каханне, і абяцаюць зберагаць адзін аднаго так, як робяць гэта дуб і сасна на працягу стагоддзяў.
(557 слоў)

Паводле З. Шышыгінай-Патоцкай

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСасна пры дарозе

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Танец соснаў

Пераказы, дыктантыСасна

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Сасна і бяроза

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Як сасна з бярозай пасябравала