Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дружба

   Было гэта ў дзевятым класе. Міша на веласіпедзе вяртаўся з баравікоў. Поўны кош іх быў прывязаны на багажніку. Марс – Міша без яго ніколі не выходзіў у лес – бег то збоку, то ззаду, то наперадзе, выбіраючы дарогу аднаму яму вядомай сабачай логікай. Ён і даў знаць, што некага запыніў. Міша прыставіў веласіпед да альхі, перайшоў цераз канал і пабег на голас.
   Яны сядзелі адзін насупраць аднаго – невялічкі, месяцаў чатырох, рыжы з белым каўнерыкам на шыі бабёр і Марс. Марс сядзеў на траве, шырока расставіўшы пярэднія лапы, спінай да канала, загароджваючы бабру дарогу да вады. Бабёр стаяў на ўсіх чатырох, натапыраны даўгімі чорнымі валасамі, не спускаючы маленькіх, як канаплянае зерне, вочак з сабакі. Ён толькі бліснуў імі на падышоўшага Мішу і зноў утаропіўся ў сабаку. У ім ён бачыў свайго галоўнага ворага. Марс, узрадаваны падмогай, кінуўся быў да гаспадара, і бабёр тут жа рвануў на прарыў – кароткімі, няўклюднымі скачкамі ён мала што не дабег да канала, як яго дагнаў Марс і шкуматнуў за хвост. Бабёр адчайна піснуў, і ярасна рвануўся ўсім целам назад на сабаку, і дастаў таго за нагу. Марс заекатаў, але насядаць на бабра стаў больш рашуча і люта. Толькі Мішаў голас трохі супакоіў яго. Сабака і бабёр занялі такія ж пазіцыі, як і раней, толькі ўжо бліжэй да канала. Але цяпер бабёр паспакайнеў. Не звяртаючы ўвагі на Марса, ён стаў залізваць рану на хвасце. Марса гэта спачатку злавала, потым і ён суцішыўся, кідаючы позіркі на Мішу: «Ну, што ты з яго возьмеш?»
   Міша схадзіў да веласіпеда, узяў кавалак хлеба і сала, што браў з сабой у лес і не з’еў. I сабаку, і бабра застаў там, дзе пакінуў. Падзяліў і хлеб, і сала на дзве долі. Марс сваю долю з’еў адразу, бабёр толькі бліснуў на сваю, але не крануў. Міша падсунуў хлеб і сала палкай пад самы нос яму. Бабёр чмыхнуў, але не ўзяў. «Можа, ты саромеешся пры нас есці. Тады мы пойдзем», – сказаў Міша і паклікаў Марса.
   Назаўтра Міша зноў прыехаў на тое месца. Ні хлеба, ні сала не было. Не было відаць і бабра. На гэты раз Міша ўзяў з сабой морквы і высыпаў яе на траву. На наступны дзень морквы так-сама не стала. На пясчаным спуску ў канаву Міша ўбачыў свежыя адбіткі лапак бабра. А яшчэ на наступны дзень Міша ўбачыў і яго самога. Ён сядзеў на беразе, але, як толькі Міша пачаў падыходзіць да яго, нырнуў у ваду. Нырнуў, але далёка не паплыў. Міша прысеў на траву і хвілін праз дзесяць убачыў вусатую морду: бабёр вылазіў на бераг. Цяпер Міша раскідаў моркву так, каб яна ляжала ланцужком адна за адной і аж да яго. Бабёр з’еў адну, другую, трэцюю, але тыя, што былі блізка да Мішы, узяць не адважыўся...
   Так пачалася гэтая дружба. Бабёр прывык да Мішы, ён ужо чакаў, калі паявіцца той з морквай, пачаў браць моркву ў яго з рук. Было пацешна назіраць, як той упіраецца лапкамі, стараючыся вырваць морквіну з Мішавай рукі. Дома недзе ёсць фотакартка, як бабёр ваюе з Мішам за морквіну. Аднойчы яны прыйшлі на канаву ўдвух з Віцем Крываносам, ён таксама хадзіў у дзевяты клас. Узялі з сабой фотаапарат, і Віця зрабіў некалькі кадраў.
(486 слоў)

Паводле А. Кудраўца.

Похожие статьи:

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Бацька

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Цітаўкі

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Смерць нацыяналіста

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Елачка

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Жулік