Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дробязі

   Калі праўда, што чалавек пазнаецца ў працы, то яшчэ большая праўда, што з асаблівай выразнасцю ён раскрываецца ў дробязях.
   Быў у мяне таварыш, хлопец вясёлы, дасціпны, здольны. Душа любой кампаніі.
   Аднойчы мы дамовіліся паехаць у нядзелю да былога супрацоўніка нашай рэдакцыі, каб дапамагчы яму сёе-тое зрабіць на дачы. Праз кепскае здароўе сталы мужчына пайшоў на пенсію, і наша дапамога яму якраз была дарэчы.
   Раніцай я прыехаў на вакзал на дваццаць мінут раней. Купіў білеты і пайшоў на месца, дзе мы з таварышам дамовіліся сустрэцца. На вакзале я прачакаў яго больш за гадзіну. Нерваваўся, перажываў. Не дачакаўшыся, вырашыў паехаць на дачу адзін. Прыехаў туды апоўдні, і было няёмка, сорамна перад гаспадаром, што спазніўся. Калі ўжо рабіць якую работу? А таварыш мой у гэты час, аказваецца, з вясёлай кампаніяй ехаў на Прыпяць, на нядзельны пікнік. Хлопец не палічыў патрэбным нават папярэдзіць мяне, папрасіць прабачэння.
   Другім разам ён пазычыў у мяне пачытаць рэдкую кнігу. Доўга не вяртаў. На мой запыт, шчыра гледзячы мне ў вочы, сказаў, што згубілася. Толькі пасля я выпадкова ўбачыў гэту кнігу на яго паліцы.
   Можна зразумець і дараваць чалавеку памылку, зробленую па неабдуманасці або, як кажуць, пад гарачую руку. Але такіх вось ціхіх дробязей дараваць нельга, бо робяцца яны свядома ці хутчэй за ўсё нават падсвядома. Таму ў іх, як ні ў чым іншым, выяўляецца сапраўдная сутнасць чалавека.
(221 слова)

Паводле З. Прыгодзіча