Белы як снег дом-замак адкрыўся перад Сцяпанам і Ілонкай адразу за гаем. З высокімі калонамі, вежамі на вуглах, цёмнымі нішамі, у якіх стылі на холадзе мармуровыя статуі. Сцяпан ступіў на прыступкі ганка, за ім падалася і Ілонка. У бліскучым мармуры яны ўбачылі сябе, нібы ў люстэрку. Хлопец пацягнуў за бронзавую ручку дзвярэй, і яны, вялікія, цяжкія, адчыніліся. Доўгі, з высокай столлю калідор дыхнуў пахам расплаўленага воску, парфумы і паточанага шашалем дрэва.
У прасторнай зале ў вялікіх акварыумах, што стаялі ўздоўж сцен, кіпела жывое срэбра і золата, мігцелі ярка-чырвоныя агеньчыкі. Столь у зале была шкляная, і сонечныя промні зверху прашывалі наскрозь гэтыя акварыумы, рассейваліся, трапяталі. На дне, засыпаным жвірам, расла зялёная траўка, стаялі складзеныя з каменьчыкаў і ракавінак вежы, домікі.
Трапіць сюды, у гэта казачнае царства, для Ілонкі было запаветнай марай. Дзяўчына апусціла ў акварыум руку і паспрабавала злавіць чырвонага мечаносца. А потым крыкнула працягла, як у лесе, абхапіла Сцяпана за шыю і пацалавала ў шчаку. У падзяку за тое, што ён расчыніў перад Ілонкай непрыступныя дзверы гэтага палаца.
(169 слоў)
(Паводле В. Хомчанкі)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Легенды Мірскага замка
Пераказы, дыктанты → «Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў!»
Пераказы, дыктанты → Гальшанскі замак
Пераказы, дыктанты → Краіна замкаў (Паводле Я. Малішэўскага)
Пераказы, дыктанты → Сцены Лоскага замка