Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Дома
Варыянт 1 (244 словы)
Няма нічога лепшага за раніцу ў роднай матчынай хаце. Маці ўжо даўно ўстала і асцярожна, каб не разбудзіць, ціхенька тупае па хаце. Яна назбірала бульбы, перамыла яе і цяпер перакладвае дровы ў печы. Нават і так, лежачы ў пасцелі з заплюшчанымі вачыма, можна зноў бачыць, як яна паскладала паленцы, варушыцца ля печы. І матчыны словы, і ласка яе, і такі знаёмы дамашні пах зноў вярнулі Івану адчуванне радасці жыцця. Ён зноў дома і бачыць клапатлівую немітуслівую матчыну работу. Яна ёсць, жывая, усё такая ж руплівая, ашчадная, з заціснутымі пад хустку валасамі.
І ён успомніў пра той страх, што часам надыходзіць на яго там, у Мінску, калі доўга няма ад яе пісем. Парадаваўся гэтаму страху, таму што ён ёсць, што гоніць яго на вакзал, у цягнік. А пасля – гэтыя дзесяць кіламетраў, калі бяжыш усё хутчэй і хутчэй, баючыся, каб хаця з ёй усё было добра, і не верыш у сваю боязь. А потым на дварэ, пастукаўшы ў шыбу, напружана чакаеш, калі пачуюцца лёгкі шоргат і жывое варушэнне на печы. Блісне святло – і вось ужо ён абнімае яе, цёплую ад печы, маленькую, бездапаможна зажмураную ад яркага святла, адчувае ўсю яе прыгорбленую постаць.
Супакоеная, радасная, што прыехаў сын, яна думае пра дзяцей, і ёй прыемна думаць, бо гэтыя думкі адкрываюць ёй яе самую не такой, якой яна прывыкла сябе лічыць, маленькай, слабай, а другой – моцнай, упэўненай, прыгожай.
Усё жыццё ёй не было калі думаць пра сябе. Маці заўсёды думаюць пра дзяцей і толькі пасля – пра сябе.
Варыянт 2 (160 слоў)
Няма нічога лепшага за раніцу ў матчынай хаце.
Маці ўжо даўно ўстала, асцярожна, каб не разбудзіць, тупае па хаце. Нават так, лежачы ў пасцелі з заплюшчанымі вачыма, можна зноў бачыць, як яна варушыцца ля печы. І матчыны словы, і ласка яе, і такі знаёмы дамашні пах зноў вярнулі Івану адчуванне радасці жыцця. Ён зноў дома.
Ён успомніў пра той страх, што часам находзіць на яго ў Мінску, калі доўга няма ад яе пісем. Парадаваўся гэтаму страху, таму, што ён ёсць, што гоніць яго на вакзал, у цягнік. А потым на двары, пастукаўшы ў шыбу, напружана чакаеш, калі пачуецца лёгкі шоргат і жывое варушэнне на печы. І вось ён ужо абнімае яе, цёплую ад печы, маленькую, бездапаможна зажмураную ад яркага святла, адчувае шурпатасць яе разагрэтай сном мяккай шчакі і пакатасць вузкіх прыгорбленых плячэй.
Радасная, што прыехаў сын, яна думае пра дзяцей. Усё жыццё ёй не было калі думаць пра сябе. Маці заўсёды думаюць пра дзяцей і толькі пасля пра сябе.
Паводле А. Кудраўца
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сустрэча з маці
Пераказы, дыктанты → На скрыжаванні