Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзік

   Дзік выходзіць на двор без дзяжурнага выгульшчыка раней за ўсіх суседскіх сабак недзе а шостай гадзіне. Вочы ў Дзіка злыя, голас рэзкі, але не пісклявы. Ён дварняжка, гаспадар двара і яго вартаўнік. Ніхто на яго тэрыторыі не пройдзе незаўважаным. Сабака бяжыць услед за веласіпедам, матацыклам, машынаю, гучна гаўкае, палохае, папярэджвае, аднак кусацца не лезе.
   Дзік ведае ўвесь двор, кожны кусцік, дрэўца, лаўку, машыну, таму што ўсё яго жыццё праходзіць на вуліцы, а на другі паверх ён прыходзіць толькі нанач.
   У цёплыя вясенне-летнія дні, ад самай раніцы да цемнаты, Дзік гуляе з сабакамі, бегае з дзецьмі, грэецца на асфальце, ля ног гаспадыні, якая часта сядзіць з сяброўкамі і пенсіянеркамі, ахвотна суправаджае дачку гаспадыні да гастранома і назад, качаецца ў пяску.
   Па натуры Дзік ціхмяны, ніколі не грызецца з чужымі сабакамі і адзін цераз небяспечную дарогу ў суседскі двор не ходзіць. Калі яго клікнуць, не лянуецца, першы падбяжыць да тваіх ног. Дзік шмат каго ведае і не толькі са свайго пад’езда. Дзік не пераборлівы: есць усё, што яму часам кідаюць, але ж есці пачынае не адразу, як бы саромеецца браць на людзях міласціну.
   Назіраючы збоку, можна сказаць, што Дзік жыццём задаволены. Аднак вось ужо другі год, з таго часу як яго забрала да сябе новая гаспадыня, у Дзіка не знікае з вачэй насцярога, страх. Як толькі пачынае цямнець, Дзік адразу бяжыць да дзвярэй свайго пад’езда, садзіцца і вінавата чакае выпадковага чалавека, каб той адчыніў яму дзверы. Бяжыць да сябе на другі паверх і ўжо не выходзіць да ранку. Дзік вывучыўся нядрэнна падпяваць, калі дачка гаспадыні іграе на піяніна. Ён садзіцца побач, задзірае галаву ўгору і, як цыркавая зорка, спявае з такой асалодаю, такім натхненнем, нібыта яго ў кіно здымаюць.
   У Дзіка няма ашыйніка і няма намордніка. Хіба гэта не шчасце для сабакі? Але адкуль гэты жах у яго вачах? Дзік вельмі не любіць зіму, бо раніца пачынаецца позна, а цямнее рана. Было не зусім зразумела, чаму ён так баіцца цемры.
   Аказалася, што Дзіка прывезлі ў горад знаёмыя гаспадыні, каб ён пільна ахоўваў іх багацце: відэаапаратуру, фінскую пральную машыну і дываны.
   Дзік старанна нёс службу. Заходзіўся ад брэху на чужога да чырвані ў вачах, мог брахаць доўга, пакуль яго не перапынялі.
   Яго першыя гаспадары часта выбіраліся гандляваць за мяжу. Вярталіся і праводзілі дні, прадаючы замежны дэфіцыт на рынку. Дзіка ж, каб не пагрыз новую мэблю, замыкалі на суткі, двое, трое ў цёмным туалеце. Так паступова, не па сваёй полі, Дзік патроху пачынаў слепнуць. I аслеп бы зусім, каб не зжалілася над ім яго цяперашняя гаспадыня ды не забрала ад сквапных знаёмых да сябе. Яму прыпісалі нейкія нават кроплі, капалі іх у вочы, запіхвалі ў рот нейкія вітаміны. Дзік трываў, адчуваючы клопат і дабрыню. Яго дагэтуль ніколі не гладзілі па галаве, а тут гладзілі і на руках насілі. Уратавалі. Не аслеп Дзік, трохі яшчэ мог глядзець на белы свет і тое-сёе пазнаваць. Забылася яго папярэдняе жыццё ў раскошнай кватэры з цёмным туалетам.
   А жах перад цемраю застаўся.
(484 словы)

Паводле Г. Марчука.

Похожие статьи:

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Добрае сэрца

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Дзік

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Папугай Пятруша