Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Дзядзькава казка

   Заехаў аднойчы ў Прудзішчы да Луцэвічаў добры знаёмы, паглядзеў на гаспадара, патупаў каля хаты і сказаў Дамініку:
   – Табе трэба памочнік. Ёсць у мяне на прыкмеце добры чалавек, Пясляк яго прозвішча. Ён працавіты, майстра на ўсе рукі. Праўда, крыху дзівак, любіць музыку, песні, казкі расказвае і мала дбае пра сябе. Вазьмі яго, шкадаваць не будзеш. Ён у нас, у Аўгустове, ад хаты да хаты ходзіць. Я скажу яму, няхай прыедзе з табой пагаварыць.
   Так у хаце Луцэвічаў з’явіўся новы чалавек, які стаў першым памочнікам бацькі і лепшым сябрам Янкі. Пясляк адразу з галавою ўвайшоў у гаспадарчыя справы, а ў вольны час забаўляўся з дзецьмі. У яго быў невычэрпны запас розных песень, казак, гульняў. Не дзіва, што дзеці хутка палюбілі Песляка, асабліва Янка. Хлопчык не адставаў ад бацькавага памочніка ні на крок: хадзіў з ім на поле, у лес, напрошваўся разам ездзіць на начлег. Бацька спачатку пратэставаў, а пасля махнуў рукой: няхай хлопец прывыкае да гаспадаркі.
   «Спечанае на ражончыку сала смачнейшае, чым смажанае на скаварадзе», – любіў гаварыць Пясляк. Янка хутка і сам пераканаўся ў гэтым. Кавалачак сала, які падгарэў з краёчкаў, а каля ражончыка быў сыры, прыемна пах смажанінай і дымком.
   Аднойчы пасля вячэры на начлезе Янка папрасіў Песляка:
   – Дзядзька, дзядзечка, раскажыце тую казку, што вы ўчора абяцалі.
   – Казку? – перапытаў Пясляк і задумаўся.
   Цёплая летняя ноч стаяла над соннай зямлёй. Ціха патрэсквалі галінкі ў вогнішчы, недзе за балотам крычаў драч, працяглая песня даносілася з Прудзішчаў.
   – Што ж, слухай, – прамовіў Пясляк, пазіраючы кудысьці далёка-далёка. – Гэта будзе казка пра папараць-кветку і людское шчасце. Жыў-быў у адной вёсцы хлопец, якога звалі, як і цябе, Яська. Быў ён цікаўны, усё хацеў сваімі вачыма пабачыць, пра ўсё ведаць. Пачуў ён аднойчы, што ў купальскую ноч зацвітае кветка папараці, а хто сарве, той будзе мець усё, што пажадае. Захочаш самую цудоўную рэч – мігам з’явіцца перад табою. Яська сказаў сам сабе: «Няхай невядома што станецца, а кветку папараці я знайду».
   I апавядае Пясляк пра тры спробы казачнага героя завалодаць чароўнай кветкай. Апошняя ўдалася.
   Пясляк замаўкае. Янка пазірае на вогнішча, у якім тлее вуголле. Ён падсоўвае галавешкі, і агеньчык зноў весела ўздымаецца ўгору і асвятляе твар дзядзькі, які павёў далей расказ пра тое, як раскашаваў Яська, як не адзін раз наведваўся да бацькоў і бачыў, што тыя гібеюць, але не дапамог ім, і яны памерлі з голаду. I толькі тады Яська зразумеў, што шчасце для аднаго – гэта зусім не шчасце. «Я, толькі адзін я вінаваты ў іх смерці! – закрычаў Яська і схапіўся за галаву. – Што я нарабіў! Прападзі ты пропадам, такое шчасце!»
   Ледзь толькі прамовіў ён гэтыя словы, як бліснула маланка, грымнуў гром, расступілася зямля, і не стала Яські.
   Пясляк змоўк і пачаў укладвацца спаць. А Янка сядзеў ля вогнішча, і яму здавалася, што вось там, на ўзлеску, дзе расце папаратнік, зараз блісне цудоўная кветка, што прынесла багацце і гора беднаму Яську.
(464 словы)
 
Паводле С. Александровіча.

Похожие статьи:

ПераказыЦана дажджавой кроплі

ПераказыШчыры патрыёт роднай зямлі

Пераказы«Яшчэ адзін Міцкевіч...»

ПераказыПершыя ўрокі

ПераказыПуцявіны песняра