Незабыўнаму Кузьме Чорнаму належаць словы: «Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма». Як гэта справядліва! Маленства – гэта першы белы храсточак жыцця, які толькі зачапіўся за зямлю і глынуў яе сокаў, і пусціў першыя лісцікі, і першы раз зацвіў сваёй прыгожай кветкаю.
«Радзіма» – ад «радзіць», «радзіцца». Радзіма – гэта тое, што цябе нарадзіла, што цябе ўскарміла: маці, бацька, зямля працы іх рук; людзі, з якімі ты побач жывеш; хата, у якой, падвешаная да бэлькі, рыпала твая калыска; вуліца, на якой ты з таварышамі гуляў у мячыка, «пікара», «немца»; сад, у якім раслі вішні, маліны, спасаўкі, бэры, антонаўкі, папяроўкі; школа, дзе цябе вучылі самыя лепшыя ў свеце настаўнікі, прымушалі запомніць, як да чатырох прыкласці тры, што Дняпро ўпадае ў Чорнае мора і на памяць верш «А хто там ідзе?»; дарогі, якія ты таптаў незлічоную колькасць разоў, водзячы коней на паства, бегаючы да сябра ў другую вёску, ходзячы ў горад з торбачкаю кніг. І дзе б ты сам, твае бацькі, дзяды і прадзеды ні былі на гэтых дарогах, куды б ні хадзілі, адусюль да твайго сэрца працягнуліся нітачкі, якія ўжо праз усё жыццё ніхто не здолее разарваць.
(182 словы)
Паводле Я. Скрыгана
Похожие статьи:
Алесь Бачыла → Алесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Радзіма
Пераказы → Ганарымся Бацькаўшчынай
Янка Купала → Тэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы
Пераказы → Скарбы нашай Радзімы