Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзед і ўнук

   Нетаропка Пятро Уласік ішоў дарогаю, абапал якой жоўта гарэлі адуванчыкі, усмешліва жмурыўся, зіркаў наўкола рухавымі васільковымі вочкамі, насвістваў.
   Супраць сынавай хаты ён стрэў унука Цімку.
   – А ты куды, дзядуля? – запытаў унук.
   – На лог.
   – А чаму?
   – Гайда – убачыш, – мігнулі Петраковы вочкі.
   Цімка сцяміў: не так сабе шыбуе дзед у лог. Штосьці надумаў там рабіць. Цімку заўсёды весела з дзедам. Аб чым ні пацікаўся – раскажа. Таму хлапчук, не дапытваючыся, перакінуў цераз плячо лук і маўкліва пакрочыў побач.
   Лог цягнуўся здалёку, аж з-за Змеевай гары. Па лозе то купкамі, то даўжэзнымі косамі вакол завадзей кучаравіўся прыземісты, амаль непралазны шыза-зялёны лазняк, кучмаціліся крохкія шурпатыя вербы. Асабліва гонка выносіліся вербы, пасаджаныя гадоў дванаццаць таму Уласікам. Кінулася Пятру ў вочы, што размываюць веснавыя ручайкі стромы, што абрываюцца, месцамі нават апаўзаюць узлобкі. I вось неяк пасля пасяўной вольным адвячоркам узяў ён сякеру, нацерабіў вярбовых ды ракітавых дручкоў, абтыркаў імі скрозь гару. Калкі дружна прыняліся, хутка абгалінаваліся. Між імі завязаўся алешнік, ухапіўся асіннік. Ніхто не чапае ні гожа аблесенай гары, празванай Петраковым гаем, ні хмызоў усцяж логу.
   Звілістаю сцежкаю Уласік і Цімка спусціліся са стромы, пайшлі нізам. Відаць, напалохалі крокі і гамана, бо ў голлі крывастволай вярбіны затропала сарока, узляцела на самую вершаліну, без лішняй траскатні трывожна загушкалася. Пятро задраў галаву, цмокнуў:
   – От прахвостка! Цёпленькае абрала месцейка.
   – Гняздо зрабіла? – утаропіўся ўнук.
   – Ага. Вунь адбудавалася. Адвадзіць бы бандытку, прагнаць, каб і духу не было. Спароць, разбурыць трэба зладзейскае котлішча.
   Хлапчук не паверыў вушам.
   – Там жа птушаняткі!
   – Я ж не кажу – цяпер. Позна, канечне. Раз ужо займела малых – няхай гадуе. Вясной не даць гняздзіцца. Лес ці ельнік вакол пуцей – во яе вотчына. А адсюль – кыш! Нельга ёй тут пырхаць.
   – Чаму?! – здзівіла Цімку.
   – Бачыш, дзе гэтая балаболка селіцца – там салоўку або малінаўцы не ўратавацца. Не дасць прайдзісветка ім спакою. Чаго, скажы, збяднеў лог салаўінымі спевамі?
   – Сарокі разагналі салаўёў?
   – Хто ж! Вядома – яны, злыдні. Гады два, здаецца, распеўся перад маім акном салавейка. Выйду прыцемкам, апушчуся пры ганку, сцішуся, быццам мяне няма. Ну ён усядзецца на вішаньку і заходзіцца, заліваецца. Спярша думалася – залётны які весяліць мяне. Аж аказалася – не. Прыхарошваў я нешта парэчнік. Расхінуў адзін куст, гляджу – гняздо,а ў ім – яечкі. Вечары са тры яшчэ распяваў мой шэранькі.
   Потым, як пастракатала ля дома сарока, змоўк. Не чуваць і не чуваць. Што такое, разважаю. Не вытрымаў, асцярожненька разгарнуў лісткі. Э-э, пустое гняздзечка. Аграбіла яго белабокая злыдня. Пахапала яечкі, – уздыхнуў Уласік і дадаў: – Сарокі-праныры нават курыныя яйкі крадуць. Высачаць – ніводнага не пакінуць.
   Спыніўся Пятро перад затравелай крыніцай. Калісьці яна была абстаўлена нізенькім зрубчыкам. Але непрыкметна плашкі пагнілі, і ніхто дасюль не даўмеўся ці не лічыў патрэбным зрабіць новую аправу.
   Гаспадарлівы Уласік агледзеўся.
   Унук здзіўлена зіркнуў: што ж тут цікавага?
   – Табе даводзілася піць крынічную ваду? – заўважыў яго разгубленасць дзед.
   – Не.
   – Э-э-э. Тады зараз паспрабуем. Уміг моцным станеш. Адразу сілай нальешся. Толькі спачатку трэба пачысціць крынічку.
   Вядром Пятро вычарпаў чорную жыжку, потым паглыбіў лунку. Увачавідкі ажыў, байчэй запульсаваў, забіў фантанчык.
   Цімка прынёс крупкаватага жвіру, і Пятро прытрусіў ім донца. Тое адразу прыветна зажаўцела.
   – О – люба глянуць! – усцешыла Пятра.
   Вада стала чыстай, празрыстай. Самыя драбнюткія каменьчыкі заблішчалі, заззялі залацінкамі.
   – Цяпер не грэх I асвяжыцца.
   Потым Уласiк абмерау ложа крынiцв.
   – Хачу змайстраваць зрубчык, каб не ацякалі краі.
   – А я... а я пасаджу ля крынічкі чаромху.
   – Нядрэнна прыдумаў! – ухваліў Пятро. – Пасадзі, пасадзі.
   Адыходзячы, яны зноў зрабілі па два-тры глыткі.
(553 словы)

Паводле Л. Калодзежнага.

Похожие статьи:

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Пра дзеда і ўнука

Павел МіськоПавел Місько - Як дзеда дзялілі

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казкі дзеда Васіля

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Майстры

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Цікаўны ўнук