Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзед Талаш

   Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, акрыўшыся белымі шатамі крохкай, шапаткой шэрані. Ні звер, ні чалавек, ні птушка не парушалі яго ранішняга зімняга спакою. Толькі дзесь у гушчары галін суха палускваў мароз, пераскокваючы з дрэва на дрэва. Пачынала святлець. З мроку вырысоўваліся стромкія камлі ялін, каржакаватыя дубы, шурпатыя крывыя бярозы, а паміж іх выступалі, як пачварныя дзяды, зломаныя бураю высокія расшчэпленыя абломкі дрэў і спілованыя пні з белымі круглымі шапкамі, з завостранымі вярхамі, ды белымі капцамі раскідаліся па лесе прыгожа скругленыя снежныя курганкі. Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля. Ішлі яны не спяшаючыся, выбіраючы найболей глухія лясныя дарожкі і сцежкі, абыходзячы небяспечныя мясціны. Ішлі моўчкі, углыбіўшыся ў свае самотныя думкі.
   Дзед Талаш – чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах, і планы свае выношвае доўга. Але ўжо калі на што наважыцца, то не адступіцца, покі не дойдзе свайго.
(164 словы)

Паводле Я. Коласа