Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Дзедава навука
Варыянт 1 (242 словы)
Восенню тысяча дзевяцьсот сорак трэцяга года ў вёсцы нечакана з’явілася шмат бежанцаў. Фронт праходзіў зусім блізка і спыніўся недалёка ад Горак. Таму немцы з раёнаў будучых ваенных дзеянняў выганялі мясцовае насельніцтва. У адной з хат пасялілася жанчына з малым дзіцём і хлапчуком, які быў крыху старэйшы за гаспадаровага. Звалі яго Пеця. Хлопцы адразу ж добра пасябравалі.
Аднойчы ў вёску нечакана наехалі і немцы. Гэта была адведзеная з фронту на адпачынак нямецкая вайсковая часць. Адчувалася, што былі яны моцна пабітыя і таму вельмі злосныя. Па ўсёй вёсцы выставілі сваіх вартавых. Каля лазні таксама тупаў нямецкі салдат са зброяй. Пахадзіўшы крыху, ён заўважыў, што лазня нядаўна была натоплена і яшчэ не зусім выстудзілася. Зайшоў туды пагрэцца і зачыніў за сабой дзверы.
Пецька паклікаў гаспадаровага сына Васіля і прапанаваў зашчапіць дзверы лазні на кручок. Сказана – зроблена. Праз некаторы час немец памкнуўся выйсці з лазні, але дзверы не адчыняліся. Грымнуў нагой, але дарэмна. Пачаў грукаць, а потым стрэліў. Прыбеглі нямецкія салдаты. Вырашылі, што гэта дзедавых рук справа, сталі пагражаць зброяй. Дзед неяк паставіў кручок, ляпнуў дзвярыма, і тыя, на шчасце, самі зачыніліся. Тады дзеда адпусцілі.
Упершыню і ў апошні раз дзед унука ў гэты дзень адлупцаваў. Той жа чамусьці шкадаваў не сябе, а дзеда, бачачы, як ён перажывае. Потым дзед узяў унука да сябе на калені, вымавіўшы: «Я ж табе казаў, не будзь дурнем». Хлопец тады зразумеў, што дурнем можна быць па-рознаму. І перш чым што рабіць, трэба добра падумаць, каб ім не быць.
Варыянт 2 (160 слоў)
Восенню тысяча дзевяцьсот сорак трэцяга года ў вёсцы з’явілася шмат бежанцаў. У хаце Віктара пасялілася жанчына з малым дзіцём і хлапчуком Пецькам. Дзеці адразу ж пасябравалі.
Аднойчы ў вёску наехалі немцы. Адчувалася, што былі яны моцна пабітыя і таму злыя. Па ўсёй вёсцы выставілі вартавых. Каля лазні таксама тупаў нямецкі салдат. Пахадзіўшы крыху, ён заўважыў, што лазня яшчэ не выстудзілася. Зайшоў туды пагрэцца і зачыніў за сабой дзверы.
Пецька паклікаў Віктара і прапанаваў зачыніць дзверы лазні на кручок. Праз некаторы час немец памкнуўся выйсці з лазні, але дзверы не адчыняліся. Пачаў грукаць, а потым стрэліў. Прыбеглі салдаты. Вырашылі, што гэта дзедавых рук справа, сталі пагражаць зброяй. Дзед неяк паставіў кручок, ляпнуў дзвярыма, і тыя, на шчасце, самі зачыніліся. Старога адпусцілі.
Упершыню дзед у гэты дзень адлупцаваў Віктара. Потым стары ўзяў унука да сябе на калені, вымавіўшы: «Я ж табе казаў: не будзь дурнем». Віктар тады зразумеў, што дурнем можна быць па-рознаму. І перш чым нешта зрабіць, трэба падумаць.
Паводле В. Шынкарова
Похожие статьи:
Янка Купала → Янка Купала - Мая навука
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Казкі дзеда Васіля