Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дбайнасць рук

   Хата гэта была старая і амаль што самая вялікая ў вёсцы – з трыма шырокімі вокнамі на вуліцу, без аканіц, без разьбы на карнізах, але добра дагледжаная. Ва ўсім адчуваліся руплівыя рукі і гаспадарскае вока. Перад хатай не было кветніка, а раслі два маладыя, падобныя адзін да аднаго клёны з выглянцаванымі камлямі.
   У двары быў кветнік, а праз увесь двор цягнулася густой градой чаромха, якая звешвала сваё галлё цераз невысокі паркан у суседні двор. У кветніку раслі розныя кветкі і травы, але пераважалі мята і рэзеда. Каля пабеленага хлеўчука ўзвышалася над усёй вёскай старая ліпа, пакрываючы сваім ценем палову прасторнага двара. Магчыма, што прастор двару надавала незвычайная чысціня навокал: нідзе не валялася ні парушынкі, усюды падмецена, пасыпана чыстым пяском. Пад паветкай стаялі канапка, варштат, ляжалі акуратна складзеныя дошкі, на сцяне віселі розныя сталярскія інструменты: пілкі, гэблі, цыркулі, стамескі. І пахла ў гэтым двары мятай, свежай сасной і ліпавай квеценню.
(148 слоў)

Паводле І. Шамякіна