Шасціць пад нагамі мох. Гараць сіняватыя хвойкі верасу на пасецы. Па ім поўзаюць мурашкі і лётаюць пчолы. Сядзе пчолка на верасовую галінку, гайдаецца, пасля нахіне яе да самай зямлі, абдыме ножкамі, перагнецца ўся, адтапырыць крыльцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку. Пасля застыне, не кранецца, п’е.
З балота да ракі прылятаюць вялізныя зялёныя стракозы. Яны лапочуць над верасам сваім доўгім бліскучым крыллем. Пчолы іх не баяцца.
На пасецы яшчэ зялёная трава і мох. На імшарах пераспелі дурніцы. На іх кропелькі вады ад расы. Растуць бярозы, вольха, асіна і маленькія дубкі. У жоўтым бярозавым лісці чырванеюць рабіны і спеюць каліны. Ёсць яшчэ маліны. Пачырванела мядзведжае вушка, і пачалі чырванець ажыны.
Найсмачнейшыя цяпер брусніцы. Яны на пасецы растуць шышкамі.
(105 слоў)
Паводле І. Пташнікава
Похожие статьи:
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Восень
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Восень
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Восень
В → Восеньскія песні
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...