Ходзіць Верасень па зямлі і дорыць свае багацці.
Зайшоў ён у сады цяністыя, атрос ігрушы залацістыя. Асыпаў з яблынь духмяныя антонаўкі, чырвоныя крамяныя малінаўкі. Выйшаў Верасень у поле, наставіў мяхоў бульбы. На лузе склаў у копы траву і падаўся ў лес.
Ідзе Верасень лесам, прыбірае дрэвы ў дарагія ўборы. Бярэзінку апрануў у золата, а асіну прыбраў у чырвань. На дубы навесіў медны ўбор. Не забыўся і пра каліну ды рабіну, прыхарашыў іх пацеркамі чырвонымі.
Азірнуўся Верасень. Які прыгожы асенні лес! Вось толькі трава сухая. Страсянуў Верасень з дрэў буйную расу. Упалі на зямлю драбнюткія званочкі. І зацвілі верасы.
Багаты месяц Верасень! Ён насыпаў поўныя засекі збожжа, апрануў у золата лясы і расквеціў верасы. Таму і завуць яго Верасень.
(120 слоў)
(Паводле К. Каліны)
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Восень
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Восень
В → Восеньскія песні
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Восень