Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дарыце кветкі

   Пэўна, гэта будзе хлусня, калі хто з жанчын скажа, што ёй не падабаюцца кветкі. Бо калі жанчыне дораць кветкі, яна робіцца іншай, змяняецца на вачах. І не мае вырашальнага значэння, якія гэта будуць кветкі: з луга, з поля ці сапраўднай аранжарэі – вытанчаныя і экзатычныя. І не мае вырашальнага значэння, хто і каму дорыць кветкі: сын – матулі, муж – жонцы, хлопец – любай дзяўчыне. Галоўнае ў тым, што кветкі дорыць мужчына жанчыне. Гэта аснова. Мабыць, не галоўнае, і з якой нагоды гэта адбываецца. Ёсць кветкі, і іх патрэбна некаму дарыць.
   ...Буяла і цвіло лета. Я няспешна крочыў па вуліцы. Насустрач ішла жанчына. Звычайная, якіх тысячы па вёсках і гарадах Беларусі. Нічым не адметная. Знешнасць, вопратка, хада – ва ўсім адчувалася нейкая стомленасць і абыякавасць да жыцця. У руцэ я трымаў шыкоўны гладыёлус, адзін з першых, што расцвілі тым летам у нашым садзе. На імгненне прыпыніўся, а калі незнаёмка параўнялася са мною, прамовіў: «Калі ласка, гэта Вам!» У той момант з жанчынай пачало нешта адбывацца. У вачах з’явіўся прывабны бляск, выпрасталіся плечы. У імгненне яна зрабілася стройнай і прыгожай. Жанчына зніякавела і нейкім дрыготкім голасам спытала: «Мне? А чаму?» – «Таму, што вы жанчына, прычым прыгожая», – адказаў я. І не адважыўся ўдакладняць, што прыгажосць яе стала відавочнай пасля таго, як ёй далі кветку. Яна пайшла, а я яшчэ нейкі час пазіраў ёй услед. Гэта была ўжо зусім іншая жанчына. Вось яна, дзівосная сіла ўсяго толькі адной кветкі і мужчынскай увагі. Дарыце кветкі...
(238 слоў)

(М. Ільючык)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВасількі (Паводле У. Ягоўдзіка)

Пераказы, дыктантыЯпонская ружа

Пераказы, дыктантыКолер кветак

Пераказы, дыктантыВодар дзядоўніку

Пераказы, дыктантыДзіўныя кветкі