У кожнага чалавека свае жыццёвыя сцяжынкі, сцежкі, дарогі. Адзін пачынае іх ад ложка да стала, другі ад стала да парога. Да чаго ж яна доўгая, тая першая сцяжынка! Пакуль асіліш яе, пакуль дойдзеш да канца, натомішся-натомішся ды і павалішся не раз. А ў хаце старэйшыя падахвочваюць: «Адзін, адзін наш хлопчык ідзе». І ты горда сам, без чужой дапамогі, пракладаеш самастойную сцяжынку ў свет, абмежаваны пакуль чатырма сценамі хаты. Дойдзеш да працягнутых табе рук – і радасці тваёй няма межаў.
Потым табе дазволяць хадзіць па двары, а ты ўсё роўна хоць на крок, хоць на хвілінку выйдзеш за вароты пацікавіцца забароненым. А як трошкі падрасцеш, разам са старэйшымі пойдзеш на поле, на луг, у лес, а то і ў суседнюю вёску або на іншую вуліцу, плошчу свайго любімага горада. Гэта ўжо залежыць ад таго, дзе хто нарадзіўся.
І чым далей ты будзеш адыходзіць ад той першай сцяжынкі, тым больш і больш будзе іх перад табой у блізкі і далёкі свет: вузкіх і шырокіх, кароткіх і доўгіх, пакручастых і роўных, крутых і гладкіх. Выбірай сам, якою ісці. Ад таго, якую выбераш, будзе многае залежаць потым у жыцці.
(187 слоў)
(А. Пальчэўскі)
Похожие статьи:
Пераказы → Сцяжынкі
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Жыцце
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Жывеш не вечна, чалавек...
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Дзяцінства пачынаецца з пытання...
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Казкі жыцця