Крочыў Кірэй дамоў па лесе убаку ад гасцінца, не губляючы, аднак, накірунку. Снегу наваліла шмат, ісці было цяжка, спіна пад кажухом намокла. Валёнкі на нагах былі хаця і старыя, аднак падшытыя, цёплыя. Ішоў ноччу і днём, зрэдку адпачываў, ды і то нядоўга. Вогнішча распальваць баяўся, небяспечна, бо ў той зоне, дзе ён праходзіў, яшчэ немцы з паліцаямі гаспадарылі, а без агню прысесці і адпачыць зморанаму чалавеку рызыкоўна. На такім холадзе цябе ўмомант залюляе сон.
Ноччу было прасцей, ён смела выходзіў на дарогу, ішоў лёгка, спружыніста, а калі, здаралася, падвода якая насустрач траплялася, то адыходзіў убок, прапускаў яе і працягваў тупаць далей. Буда, Чырвоная Слабада, Навасёлкі, Філіпавічы, Ванюжычы, Залессе, Бабунічы. Амаль усе вёскі разбураныя, спаленыя. "Няўжо і мая такая ж?" – падумалася само сабой, і крывёю зайшлася душа. І чым бліжэй падыходзіў да сяла, тым гучней і трывожней калацілася сэрца: як яны там, мае родныя дзяўчаткі, жонка? Ён уяўляў, як дзеці ўзрадуюцца бацьку, кінуцца на шыю. Ад будучай сустрэчы салодка млела душа, да твару прылівала кроў, на вочы набягалі слёзы. "Даражэнькія вы мае, як я змаркоціўся без вас! Ці жывыя? Вайна ж!" – мільганула аднойчы нядобрая думка, аднак ён адразу яе адагнаў, як назойлівую муху…
Калі падышоў да Сялюцічаў, то не пазнаў вёскі: яе проста не было. За два гады, якія мінулі пасля аблавы, уцалелыя каркасы печаў размыла дажджамі, ад часу і непагадзі яны разбурыліся, аселі і нагадвалі пра сябе толькі кучкамі цэглы. А цяпер, зімой, наогул толькі глыбіста бялелі снежнымі гурбамі… І раптам з вачэй самі паліліся слёзы. Не знайшоўшы дзе прысесці, на аслабелых нагах падышоў да дрэва, абхапіў яго рукамі і, страшэнна сціскаючы зубы, захліпаўся ад рыданняў…
(266 слоў)
Паводле В. Шабалтаса
Похожие статьи:
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Раніца ў вёсцы
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Вясковая ідылія
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Вёска
Іван Мележ → Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"