Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Далікатны госць
Варыянт 1 (249 слоў)
Доўгая зацяжная спёка і духата стамілі людзей і прыроду. Усё чакала дажджу. І вось спачатку недзе далёка пачалі ўспыхваць зарніцы, пачуліся прыглушаныя раскаты грому. Алесь сядзеў на ганку і назіраў за гульнёй зарнічных сполахаў. Моцна захоплены нябесным буйствам, ён не заўважыў, як да яго завітаў нечаканы госць. Ціхае папіскванне прымусіла схамянуцца. Каля ганка стаяў сабака і ўважліва і запытальна глядзеў на чалавека.
Што госць не з тых галодных выгнаннікаў, якія бегаюць па дварах, сведчылі парода і новы скураны ашыйнік, аздоблены латуннымі бляшкамі. Між тым наляцеў моцны шквалісты вецер і пачаўся сапраўдны лівень.
– Хадзем у хату, бо тут мы абодва вымакнем, – паклікаў гаспадар хаты сабаку і адчыніў дзверы на веранду. Той адразу зразумеў запрашэнне, скочыў цераз прыступкі і спыніўся на ганку. Далей не ішоў. Гаспадар вырашыў прыманіць сабаку каўбасой. Аднак каўбасу той толькі панюхаў і адвярнуў галаву. Тады Алесь успомніў, што яго гарадскі сусед карміў свайго сабаку крупнікам. Можа, і гэты прывык да такога корму. На пліце ў кухні стаяла каструля з гарохавым супам. Ён падагрэў суп, пераліў у міску, вынес на ганак. Сабака панюхаў і пачаў прагна хлябтаць. Вылізаў пасудзіну і ўлёгся пад лаўку на верандзе.
Пасля навальніцы спалася моцна, але Алесь, як звычайна, прачнуўся рана і пайшоў на веранду. Першая яго турбота была: як адчувае сябе далікатны госць? Але таго нідзе не было. Няўжо збег цішком? Не, сабака панура стаяў каля расчыненых веснічак. Убачыў гаспадара гасціннай хаты, павесялеў і пабег на дарогу.
Вось якая ўдзячнасць! Не мог сысці, не развітаўшыся з тым, ад каго меў ласку.
Варыянт 2 (163 словы)
Лявон сядзеў на ганку і назіраў за гульнёй зарнічных сполахаў. Ціхае папіскванне прымусіла схамянуцца. Каля ганка стаяў сабака.
Што госць не з тых галодных выгнаннікаў, якія бегаюць па дварах, сведчылі парода і новы скураны ашыйнік, аздоблены латуннымі бляшкамі. Між тым наляцеў шквалісты вецер і пачаўся сапраўдны лівень.
– Хадзем у хату, бо тут мы абодва вымакнем, – паклікаў Лявон сабаку і адчыніў дзверы на веранду.
Сабака скочыў цераз прыступкі і спыніўся на ганку. Лявон вырашыў прыманіць сабаку каўбасой. Каўбасу ён толькі панюхаў і адвярнуў галаву. Тады гаспадар успомніў, што яго гарадскі сусед карміў свайго сабаку крупнікам. Лявон падагрэў суп, пераліў у міску, вынес на ганак. Сабака панюхаў і пачаў прагна хлябтаць. Вылізаў пасудзіну і ўлёгся пад лаўку.
Раніцай Лявон затурбаваўся, як пачувае сябе далікатны госць. Але яго нідзе не было. Падумалася, ці не збег цішком. Але сабака панура стаяў каля расчыненых веснічак. Убачыўшы чалавека, павесялеў і пабег на дарогу.
Вось якая ўдзячнасць. Не мог сысці, не развітаўшыся з тым, ад каго меў ласку.
Паводле Б. Стральцова