З раніцы сеяў шэры дождж, надакучлівы і дробненькі, як камарыны піск. Зямля размякла, дрэвы стаялі паныла і нерухома. У такое надвор’е Васіль пайшоў у грыбы.
Ён увайшоў у асіннік, і над галавою адразу шырока паплыў усхліп дрыготкага асінавага лісця. Заўсёды ў трывозе гэтае дрэва, і таму людзі не вельмі любяць яго. Людзі хочуць, каб спяваў ім лес або калыханку, або сонечную мелодыю маладой свежасці і весялосці.
Васіль, трымаючы ў адной руцэ лазовы кошык, у другой нож, асцярожна ішоў па лесе. Уважліва глядзеў ён наўкол, з хваляваннем чакаючы той хвіліны, калі абмытая дажджом чырвоная галоўка першага падасінавіка ярка мільгане ў паўзмроку непагодлівага ляснога ранку. Гэта як свята. Убачыш малады фарсісты грыб, што, нібы рыжанькі хлопчык, хітра пазірае на цябе з абляцелай карычнева-залатой лістоты або з прыгладжанай дажджом светла-зялёнай травы, – і ўздрыгне сэрца. Тады спыніся, апусці на зямлю кошык і не спяшайся з нажом.
(142 словы)
Паводле Л. Дайнекі
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Настасін гай
Пераказы, дыктанты → Веснавыя грыбы
Пераказы, дыктанты → Грыбныя дажджы
Пераказы, дыктанты → Грыбы ў павер’ях
Пераказы, дыктанты → Баравічкі