У дзядзькі Антона былі надта сярдзітыя сабакі, ды затое разумныя, умелі пільна сцерагчы двор. Самы большы з іх, якога звалі Дунай, мог пусціць незнаёмага чалавека нават у хату, не гыркаў, не брахаў, але не выпускаў на вуліцу да прыходу дзядзькі.
Мне вельмі спадабаліся малыя шчаняты, і я выпрасіў у дзядзькі Антона сабе лепшага шчанюка. Увесь чорны: і лапы, і хвост, і вушы, а наперадзе і пад жыватом поўсць рыжая, нібыта ён у камізэльцы. Хоць і быў ён яшчэ зусім маленькі, але поўсць на ім ужо тапырылася і кучаравілася, як у Дуная. Я пачаў яго гладзіць, і ён адразу прывязаўся да мяне: бяжыць услед, пыскай водзіць, шукае мяне.
Я паклаў яго ў прыпол, прынёс дадому. І таксама назваў Дунаем.
Мы пасябравалі з Дунаем так, што ніколі не разлучаліся. У агарод, на рэчку, у сяло – усюды я браў яго з сабою. Дунай заўсёды бег і лашчыўся да мяне, ад радасці гатоў быў, здаецца, падскочыць і лізнуць мне твар.
– Не песці яго, – казаў мне дзядзька Антон. – Сабака павінен быць сабакам, а не цацкай.
Аднак я даглядаў яго, як сам хацеў. Дунай рос, не ведаючы ніякай прывязі. Хацеў ён у хату – я адчыняў яму дзверы. Маці на мяне сварылася:
– Што ты ўсё няньчышся з ім? Вунь куры грабуць грады… Нацкаваў бы на іх сабаку, прагнаў!
Але я гуляў з Дунаем, пакуль ён не падрос, падужэў. Брэх яго разлягаўся па ўсёй вуліцы. А аднойчы ён, гуляючы з парасятамі, відаць, незнарок кіпцюром драпануў аднаго. Той віснуў, а свіння, не доўга думаючы, схапіла сабаку за жывот. На двары ўзняўся лямант: сабака скавытаў, свіння раз’юшана рохкала, парасяты вішчалі…
Іншы раз чужыя свінні рылі бульбу на нашым агародзе. Я выбягаў з хаты і крычаў:
– Дунай! Кусі іх!
Але Дунай, згледзеўшы свіны лыч, палахліва падгінаў хвост і хаваўся куды-небудзь. І ніякай дапамогі мне ад яго не было. Толькі што лашчыўся…
– Які ён Дунай! – казаў дзядзька Антон. – Гэта Гультай, а не Дунай. Гаварыў – не песці! Вось і выгадаваў гультая і лежабоку.
(322 словы)
(Паводле І. Грамовіча)
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Атаман-барабан
Пераказы, дыктанты → Фомка
Пераказы, дыктанты → Шукаю гаспадара
Пераказы, дыктанты → Белы шпіц
Пераказы, дыктанты → Белы шпіц