Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Губаты
Варыянт 1 (250 слоў)
Прайшло некалькі тыдняў. Ласяня акрыяла, пачула, што ў яго падсохла і залячылася рана. Ноччу яно спала ў падпаветцы на ахапку сена, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Шчыра палюбіла гаспадара, добрага і спагадлівага чалавека. Мірна ўжылася з таварыскім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары. З курамі, гэтай драбнатой, яму было нецікава, і яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту наўмысна ганялася за імі, нясмелымі, палахлівымі, бачачы, як яны разлятаюцца. Гаспадар за тое ўпершыню накрычаў на ласяня, сказаўшы, што куры пасля губляюць пер’е і не нясуцца. З вялікай каровай ніякага сяброўства адразу не выйшла: яно памкнулася папіць малака, але тая балюча трэснула яго нагою.
Найбольш жа ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. Разам яны і дурэлі, і бегалі па двары, яно брала з іхніх рук пернікі, смачны хлеб і цукеркі. Ад іх ласяня атрымала дураслівую мянушку Губаты. Прыдумаў гэта хлопчык. Ён усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, вось і выдумаў.
Спачатку называлі так дзеці, а тады пачалі гэтак клікаць і дарослыя.
У адзін з апошніх летніх дзён у хлеў прыйшоў гаспадар, прынёс яму паўвядра пойла. Губаты тыцнуўся ў вядро, абліў да вачэй морду і выплеснуў амаль усё долу. Ляснік моўчкі пазіраў, але не злаваўся. Пасля яны падаліся з двара на пашу. Гаспадар прыпыніўся, пагладзіў па спіне ласяня і сказаў: "Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь". Малое прыпусціла да самага лесу, а тады вярнулася назад, не разумеючы, што гэта робіцца.
Варыянт 2 (158 слоў)
Прайшло некалькі тыдняў. Ласяня акрыяла, у яго падсохла і залячылася рана. Ноччу яно спала на ахапку сена, а днём гуляла па двары. Шчыра палюбіла гаспадара, добрага і спагадлівага чалавека. Мірна ўжылася з таварыскім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары. З курамі, гэтай драбнатой, яму было нецікава, і яно без ніякай ахвоты ганялася за імі.
Найбольш жа ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. Разам яны дурэлі, бегалі па двары. Ад іх ласянё атрымала дураслівую мянушку Губаты. Прыдумаў гэта хлопчык. Ён усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа.
Спачатку называлі так дзеці, а тады пачалі гэтак клікаць і дарослыя.
У адзін з апошніх летніх дзён у хлеў прыйшоў гаспадар. Яны падаліся з двара на пашу. Гаспадар прыпыніўся, пагладзіў па спіне ласяня і сказаў: «Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь». Малое прыпусціла да самага лесу, а тады вярнулася назад, не разумеючы, што гэта робіцца.
Варыянт 3 (486 слоў)
Прайшло некалькі тыдняў.
Ласяня падрасло, падужэла, пачула, што ў яго залячылася рана – спачатку зацягнулася цвёрдаю, тоўстаю, бураю ад крыві нарасцю, а пасля гэта нарасць пачала сушэць, свярбець і адлушчвацца ды абвісаць.
У падпаветцы – на ахапку сена – яно спала ноччу, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Палюбіла шчыра гаспадара, мірна ўжылася з крышку страгаватаю гаспадыняю, падружылася з таварыскім сабакам, са свавольнікам-цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары; з катом, з курамі – драбнатой – яму было нецікава... З вялікай – амаль з ласіху – каровай адразу ж ніякага сяброўства не выйшла...
Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. З імі яно і дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі і пернікі, ад іх яно атрымала смешную, нават дураслівую мянушку – Губаты.
Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў ласяняці такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля і выдумаў: «Губаты!»
Спачатку называлі так дзеці, а пасля пачалі гэтак падклікаць і сталыя.
У адзін з апошніх летніх дзён, у яшчэ раннюю, сівую ад туману раніцу, да якой яго рана стала цвёрдай, зарубцавалася, хоць так і не зарасла шэрсцю, чамусьці прынёс яму вядро з пойлам не босы, яшчэ заспаны хлопчык, а сам гаспадар.
– Ну што, Губаты? Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом і жыві, дзе ўсе твае сваякі жывуць... Ідзі да свайго, а пра нас забудзь...
Ляснік замахаў рукамі – і Губаты, зусім не спалохаўшыся, а дурасліва і як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі і гайсануў далей, імгненна п’янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.
За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма пахнуў зеленню, смалой, расою, – і ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, і ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк і памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але і ахмяляла зусім...
... Ап’яненне воляй прайшло, і ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц...
I тут ён пачуў, што яго жаласна кліча хлопчык: «Губаты, дзе ты, Губаты?» Ён зразумеў, што далёка адбегся, пакінуў сваіх сяброў. Падумаў так і затрусіў назад.
– Губаты, Губаты! – радасна закрычаў хлопчык і хутка-хутка пабег насустрач.
– Ты маніў нам... – папракнуў хлопчык бацьку, калі той паволі падышоў сюды. – Губаты не ўцёк сам, а ты яго выпусціў. Як выпусціў бусла, зайчыкаў, дзікіх парасят... Але Губатага мы не адпусцім, ён будзе жыць у нас... Я яго буду карміць...
– I я буду... – паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага, бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз...
– Добра вы робіце, дзеці, і нядобра... – нарэшце азваўся ён. – Хораша і люба, што гледзіце так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер і павінен жыць у лесе. Там яго дом... Пасцель, яда, воля.... Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі... Гора бывае, бяда... Я ж ведаю...
Паводле Г. Далідовіча
Похожие статьи:
Генрых Далідовіч → Генрых Далідовіч - Страта
Генрых Далідовіч → Генрых Далідовіч - Аплявуха
Генрых Далідовіч → Генрых Далідовіч - Гаспадар-камень