Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Грыша
Навальніца ўсхадзілася неспадзявана.
Калі Дзіма з Колем збіраліся ў ягады, сонца пякло, як і належыць яму пячы ў гарачы летні дзень, а неба было такім чыстым, як старанна вымытае шкло.
Захапіўшыся чарніцамі, сябры і не заўважылі, як лес раптам густа пацямнеў, а ўверсе моцна зашумелі елкі і сосны. Грымнуў пярун такім страшэнным выбухам, што, здавалася, над галовамі рассыпаліся тысячы снарадных асколкаў. Хлопцы кінуліся бегчы. Лес стагнаў і трашчаў. Маланкі смалілі амаль несціхана, а гром зліваўся ў адну суцэльную кананаду.
Лес, добра вядомы хлопцам, зараз стаў нейкім чужым, незнаёмым і непрытульным. Хлопцы прабеглі яшчэ крыху. Але ніякага прасвету нідзе не відаць. Куды ж яны бягуць, у лагер ці ад лагера? Дзіма спыніўся, углядаючыся наперад. Вецер, здавалася, цішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам.
I вось у гэты момант яны пачулі недалёка ад сябе жывы голас. Хлопцы сцішыліся і чакалі, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім чуўся нейкі трывожны заклік.
I гэты гук паўтарыўся. Цяпер ужо было ясна, што выходзіць ён з блізкага маладога зарасніку. Хлопцы пераглянуліся і, зразумеўшы адзін аднаго без слоў, кінуліся туды. Асцярожна расхінулі куст і ўбачылі птушаня, якое, мабыць, вывалілася ў час навальніцы з гнязда. Яно разяўляла рот і жаласна папісквала. Было відаць, што правае крыльца яго зламана.
Тым часам шум над лесам аціх. Стала святлей, пачуліся птушыныя галасы. Гром грымеў глушэй і ўжо дзесьці здалёку, за лесам. Хлопцы зноў успомнілі пра лагер. Але як жа пакінуць пакалечанае, бездапаможнае птушаня?
Пасля доўгіх і розных прапаноў было вырашана аднесці птушаня да Веры Андрэеўны, лагернага ўрача. I хоць Коля лічыў, што Вера Андрэеўна толькі людзей лечыць, а не птушак, яго прапанова была прынята. Нікому з хлопцаў не хацелася пакідаць на пагібель птушаня, якое так бязлітасна пакалечыла навальніца.
Выслухаўшы жаласлівую гісторыю пра хворае птушаня, Вера Андрэеўна надзела акуляры і занялася аглядам хворага. Найперш яна сказала, што хлопцы правільна зрабілі, прынёсшы птушаня ў бальніцу, бо яго сапраўды трэба лячыць. Затым яна выраўняла грачаняці пераламанае крыло, выцерла ранку ёдам і туга перавязала бінтам, загадаўшы сябрам несці хворага на снежае паветра.
Тыдні праз два Вера Андрэеўна зняла бінт, сказаўшы хлопцам, што з птушанём усё ў парадку і яно хутка паляціць.
Грачаня за гэтыя дні падрасло і яшчэ больш пачарнела. Хлопцы, вядома, не шкадавалі яму самых лепшых ласункаў. Пачуўшы голас сваіх прыяцеляў, птушаня весела на ўвесь лес крычала і жвава лопала крыллем, спрабуючы ўзляцець.
Аднойчы хлопцы прынеслі Грышку, так яны назвалі грачаня, чарговы багаты абед і шклянку свежай вады. Але гняздо, якое змайстравалі самі хлопцы, услаўшы яго мякенькай ватай, было пустым.
Сябры радаваліся і сумавалі. Радаваліся, што іх выхаванец ужо стаў дарослым і самастойным, што ён ужо сам здабывае сабе яду, ачышчаючы лясы і сады ад розных шкоднікаў. А сумавалі, бо моцна да яго прывыклі.
Яны доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, і ім здавалася, што ў бязладным птушыным крыку яны чуюць і знаёмы голас свайго Грышкі.
(470 слоў)
Паводле А. Якімовіча
Похожие статьи:
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аладкі
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Хітры воўк