Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Групавы заплыў

   У Будах, ля самай дарогі, была пасля вайны сажалка. Ёсць яна і сёння. Але тады, у маленстве, яна здавалася агромністай і глыбокай. Сёння ж сажалачка выклікае спачувальную ўсмешку. З аднаго боку над ёй схіліліся зморшчаныя вербы, якія глядзяць у ваду і, здаецца, не вераць, што так хутка ляціць час. На тыя вербы калісьці любілі ўзлазіць вясковыя хлопцы, каб на самаробны кручок, прывязаны да ніткі, злавіць якую-небудзь рыбіну. А рыбы нам вельмі хацелася, бо ад пасляваеннага голаду не было ратунку.
   Сярод нас былі падлеткі, якія разумелі, што самаробны кручок не накорміць. З дапамогай дарослых яны сплялі вялікі кош, палезлі з ім у ваду і сталі цягаць яго па дне, зачэрпваючы гразь. А ў гразі на дне, як вядома, любяць адпачываць карасі-гультаі. Закапаюцца з галавой у ціну і спяць сабе з асалодай. Гразь у кашы хлопцы вымывалі, і рыбіна, якая зазявалася, білася ў дно, у сцены каша. Але было позна: праспала яна сваё жыццё. Хлопцы чэрпалі гразь і мылі, як тыя золатаздабытчыкі. Але што золата! Яго не ўгрызеш, не з’ясі! Рыба была тады для нас даражэйшай за золата.
   Падзівіцца на першы ўлоў сабралася амаль уся вёска. А справа ішла даволі спрыяльна: амаль з кожным зачэрпваннем трапляла рыбіна, а то і дзве. Але раптоўна нячыстая сіла падкінула ў кош вялізнага карася. Папярэднія карасі былі з далонь, а гэты на ўвесь кош. Парсюк, а не карась!
   Выцягнулі яго на бераг да ўсёй рыбы, пазахапляліся, пагаманілі і пачалі дзяліць улоў. Дзялілі, цешыліся і пагаджаліся. Але калі дайшла справа да вялізнага карася, загулі, заспрачаліся. Хутка спрэчка ператварылася ў сварку. Кожны з удзельнікнў рыбалкі і тыя, хто плёў кош, хацелі прынесці карася-волата дадому. Да таго распаліліся хлопцы, што следам за рэзкімі словамі гатовы былі пайсці ў ход кулакі. Але адзін з рыбакоў, самы гарачы і рашучы хлопец, схапіў карася і з дарогі, дзе ўсе стаялі, з усёй сілы кінуў у ваду. Ды так моцна, што той, апісаўшы ў паветры дугу, гулка плюхнуўся на сярэдзіну сажалкі. Гэта падзенне аглушыла карася, і ён белай нерухомай плямай пагойдваўся на вадзе, шырока разганяючы кругі. Усе аслупянелі, але толькі на імгненне. Убачыўшы, што карась роўненька ляжыць на вадзе, нібы дражніцца, усе шуганулі ў ваду, і яна закіпела ад дзясяткаў сквапных і спрытных рук і ног. У нас, малых, што стаялі на беразе, перахапіла дыханне ад такога відовішча.
   Тым часам адлегласць паміж аглушаным карасём і азартнымі рыбаловамі хутка скарачалася. Усе разумелі, што карась пакуль нічый і што першы, хто дакранецца да яго, будзе ўладальнікам рыбіны. З берага мы не бачылі ні лідараў, ні аўтсайдараў, бо сцяна пырскаў закрывала іх ад нашых вачэй.
   Калі ж да карася заставаліся лічаныя метры, ён ачуняў, крануў з лянотай раз-другі хвастом, глянуў асалавелымі вачыма на сваіх звар’яцелых крыўдзіцеляў і даў нырца, каб у сваёй любімай ціне працягнуць перарваны сон.
(453 словы)

Паводле С. Давідовіча.

Похожие статьи:

ПераказыПадарунак

ПераказыНебяспечная дрыгва

ПераказыНа мядзведзя!

ПераказыПажачкі

ПераказыМядовае знаёмства