Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Грошы
З суседам Аркадзем мы не бачыліся пяць гадоў. Я вучыўся ў інстытуце ў Мінску. Аркадзь працаваў загадчыкам буйной базы. Сусед сустрэў мяне радасна, падышоў бліжэй і, пільна аглядаючы з галавы да ног, паляпаў па плячы.
Рухавая цётка Зося, Аркадзева маці, паставіла перад намі міскі з агуркамі, шаткаванаю капустай, парэзаным на скрылі салам, патэльню з падсмажаным колцам свойскай каўбасы.
Пачуўшы пра маю вучобу, Аркадзь скептычна ўсміхнуўся. Ён наваліўся грудзьмі на стол, загаварыў горача, нібы працягваючы нейкую даўнюю спрэчку:
– Інстытут – гэта, канечне, добра. Толькі скажу я табе, дарагі мой сусед, ніякія інстытуты, ніякія акадэміі не зробяць нікога чалавекам, калі ён не ўмее жыць.
Аркадзь паклаў мне на плячо руку і, нахіліўшыся, даверліва зазірнуў у вочы:
– Скажы мне чэсна, хіба дыплом – гэта галоўнае ў жыцці?
Не разумеючы, да чаго ён хіліць, я паціснуў плячыма. Па- свойму зразумеўшы маю няпэўнасць, Аркадзь зазначыў:
– Галоўнае ў нашым жыцці – грошы. Яны з’яўляюцца і маім дабрабытам, і маім гонарам, і маёй свабодай. Паглядзі на мяне.
Аркадзь нават ступіў крок назад, каб я мог лепш яго разгледзець. Ён паведаміў, што кашуля на ім каштуе амаль сто долараў. Прадэманстраваў фірменныя штаны, мадэльныя туфлі, замежны гадзіннік з залатым бранзалетам.
Аркадзь, якога выгналі калісьці са школы, з задавальненнем расказаў, што нядаўна да яго на паклон прыходзіў дырэктар. Я запытальна паглядзеў на Аркадзя. Высветлілася, што мой сусед паехаў на грузавіку ў камандзіроўку, скарыстаў момант і ўкінуў у кузаў сотню-другую лістоў шыферу. Аркадзь ведаў, што ў вёсцы шыфер за любую цану возьмуць. Першы прыйшоў Мікалай Сцяпанавіч, якому спатрэбіўся шыфер для школы. Аркадзь назваў такую цану, што ў дырэктара аж дыханне перахапіла.
Мне ўспомнілася, як у дзяцінстве Аркадзь падбіў нас, суседскіх падлеткаў, гуляць у краму. Паставіў перад намі шклянку з калодзежнай вадой, падфарбаванай вішнямі, і аб’явіў, што гэта морс. Прадаваў шклянку морсу за яйка. У тое лета суседкі не раз скардзіліся адна адной, што куры чамусьці раптам перасталі несціся. I толькі наш «прадавец» хадзіў задаволены.
У дзявятым класе за двойкі Аркадзя выключылі са школы, і ён вымушаны быў пайсці ў калгас. Знайшоў падыход да брыгадзіра, і той пасылаў хлопца на працу толькі з канём. Амаль кожны вечар пасля работы Аркадзь заязджаў у свой двор і скідваў то нейкія мяшкі, то дошкі, то сена. Аднойчы Аркадзь вёз дадому дровы. Нагрузіў звыш меры. Бедны конік ажно клаўся ў аглоблях, цягнучы па пясчанай дарозе цяжкі воз. Каля брамы конь спатыкнуўся і ўпаў. Аркадзь пачаў лупцаваць яго пугай па спіне, па галаве. Конь падняўся, але скрануць воз з месца ўжо не было сілы, і ён толькі паволі махаў галавою. А ў яго вялікіх разумных вачах блішчэлі слёзы.
Мне раптам падалося, што ў хаце нясцерпна душна, няма чым дыхаць. Я падняўся з-за стала і, не падаючы Аркадзю рукі, пайшоў да дзвярэй. На дварэ ўдыхнуў на поўныя грудзі свежага паветра.
Восенню, калі я ўжо зноў быў у Мінску, прыйшло пісьмо з вёскі. Сястра пісала, што цётка Зося моцна застудзілася і ляжыць у бальніцы. Давалі тэлеграму Аркадзю. Ад яго прыйшоў кароткі адказ: «Прыехаць не магу. Надзвычайныя абставіны». Але ў вёсцы ўсе казалі, што пашкадаваў грошай.
(493 словы)
Паводле З. Прыгодзіча.