Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гром

   Для сяржанта Міхаіла Кардымона, інструктара службовых сабак, які сваю службу на пагранічнай заставе праходзіў разам з Громам, вайна пачалася ў дзве гадзіны ночы дваццаць другога чэрвеня 1941 года.
   Аднойчы Міхаіл з Громам ішлі вузкаю сцежкаю ўздоўж ракі, спяшаючыся прыняць пад ахову ўчастак у забалочаным лесе. Раптам Гром насцярожыўся. Хутка ў змроку паказаліся Астаці. Міхаіл вырашыў не затрымліваць парушальнікаў у лесе, а пачакаць, калі яны выйдуць на прагаліну. Нарэшце ён даў каманду Грому. Адзін за адным прагрымелі стрэлы. Сабака кінуўся на парушальнікаў. Былі чуваць гырканне, валтузня, крыкі.
   Вораг адкрыў агонь з аўтаматаў. Востры пякучы боль пранізаў Міхаілу бядро. Чырвоныя кругі паплылі перад вачыма Міхаіла. Потым усё сціхла. Ён страціў прытомнасць.
   Міхаіла падабраў ляснік і выхадзіў, а Гром недзе знік. Ляснік сказаў, што Грома злавілі і адправілі ў Брэст і цяпер той недзе фашыстам служыць.
   Сяржант Міхаіл Кардымон хутка ішоў на папраўку. Вечарамі ў леснічоўцы пачалі збірацца падпольшчыкі, партызаны. На адным з такіх збораў было вырашана ўзарваць фашысцкую нафтабазу.
   Партызаны доўга абмяркоўвалі варыянты дыверсіі. Вырашылі затрымаць апошнюю аўтацыстэрну і падмяніць шафёра. Праз тыдзень выйшлі на заданне. Неўзабаве на нафтабазе грымнуў выбух.
   Фашысты перакрылі ўсе дарогі, кожная машына спынялася і правяралася. Па слядах партызан пусцілі эсэсаўцаў, адзін быў з аўчаркай.
   Міхаіл крыху адстаў ад таварышаў. Ён паспеў адысці ад нафтабазы не больш за кіламетр, як пачуў за сабой цяжкі тупат і трэск ламачча.
   Доўгая аўтаматная чарга секанула па дрэвах. Далей усё адбылося з імгненнай хуткасцю. Гітлеравец спусціў сабаку з павадка. Той хутка дагнаў Міхаіла, моцна схапіў зубамі за правую руку. Міхаіл перахапіў пісталет левай рукой, павярнуўся, хацеў стрэліць у сабаку і пазнаў свайго чатырохногага сябра.
   – Гром! – вырвалася ў Міхаіла.
   Аўчарку нібы токам ударыла. Яна адпусціла Міхаіла, запоўзала па зямлі каля ног, вінавата заскуголіла.
   У тую ж секунду Міхаіл шпурнуў гранату. За кустамі пачуўся енк. Фашыст захістаўся і ўпаў. Адстрэльваючыся, дзе паўзком, дзе перабежкамі ад дрэва да дрэва, Міхаіл разам з Громам адыходзіў у стары густы лес. Неўзабаве яны былі сярод сваіх.

(319 слоў)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШукаю гаспадара

Пераказы, дыктантыБелы шпіц

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Атаман-барабан

Пераказы, дыктантыФомка

Пераказы, дыктантыБелы шпіц