Горад у гэтым месцы спускаўся з вялізнага груда, які вянчала гара Міндоўга, і ішоў у поле. Дзевяцьсот год горад мясціўся на грудзе, не адпускаў далёка вузкія пакручастыя вуліцы і вулкі, цесна грувасціў адна пры адной хаты, як бы зграбаў іх сабе пад пахі, ашчаджаў кожным вольным лапікам зямлі, і толькі цэнтральная брукаваная плошча з двума касцёламі і шнурком крамаў ды парк пад Замкавай гарою яшчэ нагадвалі пра колішнія абсягі. Мусіць, некалі яны былі, гэтыя абсягі, аднак цяпер, калі глядзець з замчышча, бачыш адно чарапічныя дахі, дзе-нідзе з іх вытыркаюцца касцёльныя спічакі. Дзевяць стагоддзяў горад трымаўся груда – і раптам збег па адным з адхонаў у поле. А ў полі ўжо нішто не спыніць чалавека. Вуліцы пацягнуліся доўгія, роўныя, яны абрываліся пусткамі, на якіх ледзь угадваліся сцежкі ў густых лопухах і чартапалоху, – пасля зноў вуліцы. Тут жа адгарадзіўся ад хат цаглянай сцяною і завод газавай апаратуры, утыркнуўся ў неба доўгімі трубамі, задыміў. Горад цяпер як бы раздзяліўся. У адным, верхнім, былі крамы, школы, кіно, руіны замка і базар, у другім, ніжнім, – завод, абсаджаны хатамі, пусткі, сажалкі, закінуты сад пры бальніцы, палявыя дарогі, якія знікалі ў лагчынах між спадзістых узгоркаў. Палі тут ляжалі на ўзгорках, уся гэтая зямля была падвышаная, а пасярэдзіне – груд з горадам.
Мацкевічы жылі ў ніжнім горадзе, у чатырохкватэрным драўляным доме для выкладчыкаў тэхнікума. На адной з пустак, насупраць гразкай сажалкі, якую што год налівалі веснавыя і восеньскія дажджы, паставілі адзін дом, побач заклалі другі. Адразу за домам пачынаўся поплаў, за якім разлягаўся бальнічны сад. Але сад ніхто не даглядаў, ён быў прахадны, таму і яблыкі ў ім нясмачныя, імі грэбавалі нават тутэйшыя хлопцы. Пад садам вялікая сажалка з дзвюма крыніцамі.
(271 слова)
Паводле А. Кажадуба
Похожие статьи:
Пераказы → Навагрудак
Пераказы → Радзіма Адама Міцкевіча
Пераказы → Высокая сталіца
Пераказы → Высокая сталіца
Пераказы → Сведкі даўніны