Першы ўдар фашысцкіх захопнікаў прынялі на сябе пагранічнікі і воіны Брэсцкай крэпасці.
Ужо ў першыя гадзіны вайны крэпасць была поўнасцю акружана фашыстамі. Многія байцы і камандзіры крэпасці, жанчыны і дзеці, якія там знаходзіліся, загінулі або былі паранены падчас першых абстрэлаў. Рэшткі салдат Брэсцкага гарнізона ўступілі ў няроўны бой. Не хапала боепрыпасаў, медыкаментаў, прадуктаў харчавання, вады. Фронт адышоў далёка на ўсход. Але абаронцы крэпасці працягвалі біць ворага.
Мужна змагаліся байцы маёра Гаўрылава. Яны абаранялі ўваход у крэпасць і адбівалі атакі гітлераўцаў, супрацьстаялі гарматам і танкам. Але канчаліся боепрыпасы, быў зруйнаваны водаправод, і смага мучыла байцоў.
Воінам гарнізона актыўна дапамагалі выхаванцы палка і дзеці камандзіраў гарнізона, якія знаходзіліся ў крэпасці. Яны і ў разведку хадзілі, і боепрыпасы збіралі, і атакі адбівалі. Кожную ноч маленькія байцы пад шквалам варожага агню прабіраліся на бераг Буга і з небяспекай для ўласнага жыцця здабывалі для байцоў неабходную ваду. Увесь цяжар абароны Брэсцкай крэпасці падлеткі вынеслі з гонарам. Гаўрошамі крэпасці называлі салдаты Пецю Васільева, Валодзю Казьміна, Пецю Клыпу, Колю Новікава і іншых.
Дзень за днём гітлераўцы кідалі ў бой усё новыя і новыя сілы, а дапамогі абаронцам крэпасці не было. Гінулі ад ран, голаду і смагі байцы і камандзіры, плавілася ад варожага агню цэгла. Аднак героі не здаваліся. «Памром, але крэпасць не здадзім!» – было надрапана штыком на сцяне крэпасці.
Больш за месяц працягвалася абарона Брэсцкай крэпасці. Яна была захоплена толькі пасля таго, як фашысцкія танкі і самалёты зруйнавалі цытадэль.
(235 слоў)
Похожие статьи:
Пераказы → Брэсцкая крэпасць
Пераказы → Абарона Брэсцкай крэпасці