Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Герань
Акно з палаты, у якой ляжала баба Паша (яе тут называлі Праскоўяй Пятроўнай), выглядвала на паляну. Пасярод яе сіратліва расла старая сасна. Гаварылі, што тут раней, як і на тэрыторыі, дзе знаходзілася бальніца, раскашаваў лес. Але шматлікія дрэвы некалькі гадоў назад пасохлі, таму іх зрэзалі.
Цётка Паша часта, трымаючыся за спінку ложка, паціху падыходзіла да акна палаты. Бабуля садзілася на табурэт і глядзела на адзінокае дрэва. Жанчына чакала, калі да яе зноў наведаецца Аліна з унучкай Марынкай. Раней, калі Праскоўя Пятроўна жыла ў вёсцы, да яе заўсёды прыязджалі дачка з унучкай. Малая насілася босай па двары, часцяком гойсала па лузе каля Сожа.
Хату бабы Пашы (ды і ўсё невялічкае паселішча) пасля Чарнобыля бульдозеры зраўнялі з зямлёй. На тым месцы, дзе Праскоўя Пятроўна жыла шмат гадоў, нават не ўзаралі зямлю. Адно, што перавезла з сабою старая да дачкі ў горад, – гэта вазон герані. Герань заўсёды цвіла і радавала Праскоўю Пятроўну кветачкамі, што, як агеньчыкі, гарэлі з вясны і да позняй восені.
Сёння баба Паша ўстала яшчэ прыцемкам. Суседка па палаце, відаць, гэтым незадаволеная, нешта прабурчэла і нацягнула на сябе коўдру.
– Спі сабе спакойна, даражэнькая, – супакоіла яе бабуля. – Я ціхенька пасяджу каля акна.
Дні ў бальніцы цягнуліся доўга і самотна. Сэрца, якое лячыла Праскоўя Пятроўна, быццам і білася больш-менш спакойна, але боль, што раней не адпускаў падоўгу, сцішыўся. Жанчына верыла: неўзабаве яе выпішуць. I зноў будзе яна жыць з дачкой і ўнучкай.
У Другой палове дня да бабы Пашы ўрэшце прыехалі родныя. Праскоўі Пятроўне падалося, што за той час, як яна ляжала Ў бальніцы, Марынка прыметна падрасла. Вунь схавала нешта Ў кошыку, які асцярожна паставіла каля дзвярэй палаты.
– Адгадай, бабуля, што мы табе прывезлі? – абдымаючы Праскоўю Пятроўну, зашчабятала дзяўчынка.
– Дзе ж мне, мая красачка, адгадаць. Можа, які пірог? Дык нас тут няблага кормяць, – яна паглядзела на суседку, якая падазрона ўзіралася на Аліну.
– Вось і не адгадаеш! – прыціскаючыся да маршчыністай бабулінай шчакі, радавалася ўнучка. – Гэта ж вазон. Твая герань.
Аліна распакавала кошык. Сапраўды, у прыгожым пластмасавым вядзерцы красавалася герань. I цвіла! Дробнымі кветачкамі былі ўсыпаны ўсе галінкі.
– Расла яна ў гліняным гаршчочку, – патлумачыла Аліна. – Дык мы ж не павязём яе ў ім, посуд разаб’ецца. Мы купілі на рынку вядзерца. А добрай зямлі твая ўнучка знайшла. Яна хацела нават са мною ў вёску па зямлю ехаць. Ледзь адгаварыла.
– А мае ж вы даражэнькія! – замітусілася Праскоўя Пятроўна. – Давайце паставім вазон на акно. Тут заўсёды сонейка свеціць.
Дзіўна, але нават негаваркая суседка паднялася з ложка і пачала здзіўлена, быццам ніколі не бачыла, разглядаць герань. Нават пагладзіла пальцамі лісточкі.
– Няхай расце на здароўе! – быццам каму жывому, пажадала баба Паша. – Як выпішуць мяне, то, можа, другому чалавеку радасць прынясе кветка. Чалавечая дабрыня заўсёды перадаецца. Трэба толькі рабіць усё ад чыстай душы.
Так і пасялілася герань у восьмай палаце бальніцы. Многія ўжо і не помняць, хто паставіў на акно вазон з кветачкамі, якія цвітуць і вясной, і летам, і восенню.
(472 словы)
Паводле М. Даніленкі.