Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гаспадыніны памагатыя

   Людзі кажуць, што ў добрай гаспадыні сто рук, але спраў яшчэ больш. А каб стол у хаце быў заўсёды багаты, без верных памагатых на кухні руплівай гаспадыні ніяк не абысціся.
   Возьмем, напрыклад, звычайны гаршчок. Сам ён круглы, бакі пукатыя, як надзьмутыя шчокі. Набярэ круп – і ў печ, на агонь. Можна нават пачуць, як гаршчок, варачы кашу, ціха спявае ў печы. Горача яму там, але гаршчок гліняны, таму гатовы самую моцную спёку вытрываць.
   Гарлач таксама гліняны. I бакі ў яго пукатыя. Стоячы побач з гаршком на кухоннай паліцы, ён ганарыцца, што вышэйшы за яго, але нікому не прызнаецца, што сам надта баязлівы. Ніколі не пагодзіцца гарлач лезці ў гарачую печ, як гаршчок. Лепш ужо на холадзе будзе мерзнуць. Таму ў гарлач гаспадыня звычайна налівае малако, якое, як вядома, таксама больш холад любіць, чым цяпло.
   З ахвотай бярэцца насіць у сабе малако яшчэ адзін гаспадынін памагаты – збан. Знешне ён нагадвае гарлач, бо такі ж цыбаты і пукаты. Але збан мае ручку, вушка і дзюбку, каб лягчэй было наліваць у іншы посуд малако ці яшчэ якую-небудзь вадкасць.
   Гляк вельмі пакрыўдзіцца, калі пра яго тут не згадаць, бо лічыць сябе дужа важнай фігурай на кухні. Гляк бывае і круглы, і даўгаваты, з дзюбкай і без дзюбкі, з адной або дзвюма ручкамі. Усё ганяецца за модай, хоча глядзецца франтам сярод іншых пасудзін на кухні. Але ж прыгажосць, вядома, не галоўная яго вартасць. Справа ў тым, што гляк мае вузкае кароткае горла, дзякуючы якому любую вадкасць – ваду, хлебны квас, морс ці алей – можа не толькі захоўваць, але, не баючыся разліць, перавозіць з месца на месца.
   Некалі амаль у кожнай вясковай хаце мелася ступа – пасудзіна, у якой таўклі што-небудзь. Каб зрабіць яе, патрэбен быў кавалак тоўстага ствала дрэва, найлепш дуба ці граба. У ствале выдзёўбвалі або выпальвалі глыбокае "гняздзечка". Пасля ў яго засыпалі зерне і таўклі таўкачом – спецыяльнай кароткай палкай з круглым канцом. Гэта рабілі, каб ад зерня аддзялілася шалупінне. Таўклі ў ступе і крупы. А вось каб ад круп аддзяліць шалупінне, іх пасля прасявалі на рэшаце – густой сетцы, нацягнутай на шырокі абруч. Хоць рэшата ўсё на дзірках, але без яго гаспадыні нялёгка было б.
   Часам дбайныя гаспадары выдзёўбвалі і кадушкі – спецыяльныя пасудзіны, у якіх захоўвалася квашаная капуста альбо салёныя агуркі, грыбы ці квас. Але "гняздзечка" ў кадушцы звычайна было большае, чым у ступе. А такое няпроста было выдзеўбці, таму часцей кадушкі рабіліся з дошак, якія называліся клёпкамі. Гэта вельмі тонкая работа: дошкі трэба так падагнаць адну да адной, каб праз шчыліны паміж імі не прасочвалася вадкасць.
   Кубелец, можна сказаць, самы блізкі сваяк кадушкі. Абое яны драўляныя і дужа падобныя. Праўда, у кубельца зверху тырчаць вушкі, а яшчэ ён любіць насіць "капялюшык" – накрыўку. Здымеш "капялюшык", а пад ім – смачнае духмянае сала, якое так любяць беларусы.
(450 слоў)

Паводле А. Бадака.

Похожие статьи:

Алесь БадакАлесь Бадак - Беларусачка

Алесь БадакАлесь Бадак - Пагоня

Алесь БадакАлесь Бадак - Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца

Алесь БадакАлесь Бадак - Маці

Алесь БадакАлесь Бадак - Вецер