Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Гаспадыня
Жанчына даглядзела навіны, выключыла тэлевізар, па звычцы абышла ўсе пакоі па-зімняму сцішанай хаты і ўпэўнілася, што на ноч святло ўсюды выключана.
У настуджанай верандзе яна пстрыкнула выключальнікам, запаліла вулічны ліхтар, прыпала да акна і пахукала ў размаляванае марозам шкло. Жанчына доўга цёрла шкло цёплай далонню, каб разгледзець падворак. На вуліцы шчыравала завіруха, і цяпер паўсюль былі відаць бялюткія снегавыя сумёты.
Позняя зіма, нарэшце, паказала характар і за адзін тыдзень замяла дарогі і сцяжынкі, засыпала дзверы і студню. Зараз пявучы свавольны вецер то галасіў недзе ў паднябессі, то бясшумна, па-гаспадарску далікатна прыцярушваў снегам самыя дальнія і непрыступныя закуткі падворка.
Нечакана цяўкнуў сабака. Жанчына, спахапіўшыся, прачыніла на вуліцу дзверы, гукнула:
– Тузічак, забылася на цябе, бяжы сюды.
Невялікі кудлаты сабачка паўторнага запрашэння не чакаў. Ён радасна завіскатаў, выкуліўся з перакошанай будкі, і праз некалькі хвілін мокры снежны камяк закаціўся ў веранду.
– У гэткую непагадзь які з цябе ахоўнік? – далоняй змахваючы з поўсці снег, ласкава прыгаворвала гаспадыня. – Сцерагчы няма чаго, начуй у хаце.
Тузік весела забрахаў і высока заскакаў, цэлячыся халодным носам і чырвоным шурпатым языком у руку гаспадыні.
– Малайчынка, усё разумееш, – засмяялася жанчына і адчыніла дзверы ў калідор, – бяжы на кухню, кашай накармлю.
Акрамя кашы, Тузіку перапала і костачка з супу. Яна збіла сабаку з панталыку, і той доўга не мог вызначыцца з выбарам. Ён то костачку ўгрызне, то кашы лізне. Урэшце Тузік, ухапіўшы апетытны пачастунак, куляй вылецеў у калідор. Вярнуўся ён без смакаты. Сабака апустошваў чыгунок з кашай, а яго чуйныя вострыя вушы прыслухоўваліся, лавілі кожны падазроны шолах у хаце. Жанчына наліла вады, але Тузік піць не стаў. Ён, быццам нешта ўспомніўшы, зноў крутнуўся ў калідор. Праз якую секунду сабака вярнуўся горды і вясёлы, а ў зубах – смачная костачка.
– Жук-хітрун табе мянушка, а не Тузік, – ціха засмяялася гаспадыня, – няўжо ад мяне хаваў?
Каб Тузік мог гаварыць, пэўна, нешта і адказаў бы. Але ў яго была справа больш важная. Трэба было ўтульней уладкавацца каля печы на квадратным саматканым дыванку, каб усю ноч з асалодай грызці заслужаную костку.
(325 слоў)
(Паводле В. Праўдзіна)